Кветкі сцеляць абрус

Актуальное

m4 Звычайная вулачка ў Гарадку, сціплы дом… Але менавіта ля яго імкнуцца пагуляць і прыпыніцца стомленыя спякотным летнім сонцам гараджане. Тут — прыгожа. Аздабляюць дом шматлікія кветкі, якія з любоўю песціць гаспадыня, Наталля Брунер (на здымку).
Трывалае захапленне кветкаводствам у яе з дзяцінства, яна вывучыла, якія расліны паміж сабой “сябруюць”, а якія — не, якіх угнаенняў і рэжыму паліву яны прагнуць, якія дэкаратыўналіставыя найбольш выгадна падкрэсляць колер той ці іншай краскі. Гэтай навуцы Наталля з радасцю прысвячае свой вольны ад работы ў аддзеле ўнутраных спраў час. Выпісвае адпаведныя часопісы, абменьваецца пасадачным матэрыялам з аднадумцамі, заказвае яго па каталогах і купляе.
Кветнік буяе ўсімі колерамі з ранняй вясны да позняй восені. Зараз — час лілеяў, восенню кветкавод запрашае любавацца хрызантэмамі, а сама прызнаецца, што яе найпершыя любімцы — касачы. Аднак і іншыя кветкі не пакажуць сябе ў лепшым свеце, калі да іх ставіцца абыякава: толькі ў выніку любові і штодзённага клопату яны адкажуць буйным цвіценнем усіх адценняў,  вытанчаным пахам і прынясуць сапраўдную эстэтычную асалоду.
Хата, дзе ёсць сапраўдная гаспадыня, заўсёды вылучаецца тым, што яна не толькі функцыянальная, але і ўтульная. Сурвэтачкі, вышыванкі, кветкі — і жыццё становіцца весялейшым і прыгажэйшым, ці не праўда? Калі шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз страўнік, то да сэрца жанчыны — праз кветкі. Бо толькі яны па сваёй пяшчоце і прыгажосці могуць спрачацца з цудоўнай паловай чалавецтва. Наталлін шчыры абрус надзвычай вытанчаны, бо ён высланы адмысловымі кветкамі — любуйцеся!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *