У адмысловы край

Актуальное

m3Да нас, на Гарадоччыну, група студэнтаў ВДУ імя П.М. Машэрава, што праходзяць гісторыка-краязнаўчую практыку, завітала невыпадкова. Іх выкладчык, Мікалай Півавар, упэўнены, што наш раён — адзін з найцікавейшых  куткоў Беларусі для развіцця гісторыка-краязнаўчага турызму.
— Гарадоцкі раённы краязнаўчы музей — адзін з лепшых раённых музеяў у нашай краіне, тут сабраны багаты матэрыял, у яго залах з густам аформлены экспазіцыі, працуе выдатны калектыў аднадумцаў, — дзе¬ліцца меркаваннямі Мікалай Васільевіч. — А ваша брукаванка, што вядзе да ракі Гараджанкі! Дзе яшчэ сустрэнеш такі вялікі фрагмент даўняй кладкі? Студэнты заўсёды ахвотна фатаграфуюцца на ёй — гэта ж дотык да мінуўшчыны! А паштовая станцыя! Падобныя на тыя, што захаваліся ў Кузьміне і Гарадку, ёсць толькі далёка на Міншчыне… Хлопцам, што захапляюцца камп’ютарнай он-лайн гульнёй у «Танкі свету», ды і не толькі ім, шчасціць дакрануцца да металу сапраўднага магутнага ІСа… А замчышча ў Езярышчы, а гарадзішча ў Вышадках, а дуб-волат у Прудку і многае іншае? Каб на свае вочы ўбачыць усё тое цікавае і адметнае, што ёсць у вашым раёне, краязнаўцам-аматарам і двух тыдняў не хопіць!
Назіранні дасведчанага спецыяліста выклікаюць гонар за тое, што мы жывём у такіх адметных мясцінах. Да нас едуць з Віцебска і Полацка, Масквы і Санкт-Пецярбурга. Толькі за першае паўгоддзе гэтага года музей наведалі 1046 экскурсантаў — у складзе арганізаваных груп і паасобку. Частыя госці тут — ваеннаслужачыя тэрміновай службы з в/ч 94017, навучэнцы гарадоцкіх каледжаў і школ. Асабліва клапоціцца аб пашырэнні кругагляду сваіх рабят адміністрацыя ГДПТК СГВ імя І.В. Дарошчанкі. А выхавальнікі дзіцячых садкоў нават дашкольнікаў старэйшага ўзросту далучаюць да вывучэння гісторыі свайго краю праз наведванне музея!
Па сведчаннях супрацоўнікаў гэтай установы, што захоўвае памяць аб мінуўшчыне, дзеці ахвотна прыходзяць у ціхія залы. Ім тут цікава. Ёсць рабяты, якім вельмі падабаецца дэталёва разглядаць экспанаты, таму яны завітваюць у музей рэгулярна. Бывае, што пасля школьных экскурсій сваімі расказамі і просьбамі прыцягваюць паглядзець тую ці іншую экспазіцыю бацькоў…
— У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь уваход у музей быў бясплатны, — расказвае старшы навуковы супрацоўнік установы Ніна Буракова, — можна сказаць, выпадкова да нас упершыню зазірнулі трое карэнных жыхароў Гарадка паважанага ўзросту. Зазірнулі, як аказалася, на некалькі гадзін: настолькі цікава ім падалося ў музеі. На старых фотаздымках яны пазнавалі сваіх знаёмых, узгадвалі іх добрыя справы, вывучалі дакументы, разглядалі экспанаты і дзівіліся з таго, што не дацямілі прыйсці ў такое цікавае і даступнае месца раней. І гэта не адзіны такі выпадак.
Так, у музей трапіць нескладана, і плата за візіт у цікавае сімвалічная. Нават аглядная экскурсія па ўсіх экспазіцыях з экскурсаводам, які пакажа і захоплена раскажа пра таямніцы мінуўшчыны, каштуе ўсяго 25 тысяч рублёў. Проста ж уваходны білет — 3800 рублёў. Дык можа варта прысвяціць адзін з дзён летняга адпачынку ці выхадны паходу ў музей? Шукаючы ўражанняў дзесьці за даляглядамі, ці ўсё мы ведаем пра свой край, свае карані і малую радзіму?
Святлана
ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: студэнты ВДУ імя П.М. Машэрава падчас экскурсіі.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *