Месца ў сэрцах

Актуальное Социум

Дзесяцігадовая Насцюша, якую чатыры гады таму забралі з Езярышчанскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, знайшла спакой для свайго спакутаванага адзінотай сардэчка ў сям’і Алены і Анатоля Шасцёнкаў з Мяжы. Не харомы — звычайная вясковая хата, адбудаваная і адрамантаваная са сваёй капейкі, сваімі рукамі сумленнымі, працавітымі гаспадарамі, стала для дзяўчынкі лепшым месцам на Зямлі. Тут яе любяць, шкадуюць і песцяць. Праз вокны хаты, якая стала для яе бацькоўскай, яна цяпер смела глядзець на свет.

areli
— Мы забіралі Насцюшу, калі яна скончыла першую чвэрць у першым класе, — успамінае Алена Леанідаўна, — дык яна толькі дзве літары ведала. Не таму, што настаўнікі дрэнна працавалі: яна была няшчасная і не верыла ў сябе. А цяпер паглядзіце, колькі ў нас грамат, заахвочванняў (дастае цэлы стос прыемных папер), чацвёрты клас наша дзяўчынка скончыла толькі з трыма «сямёркамі», астатнія адзнакі вышэйшыя, яе фатаграфія на Дошку гонару школы занесена!
І столькі хвалявання, заслужанага гонару гучыць у гэтым «мы», «у нас»… Як даваліся дзіцяці і яго новай сям’і гэтыя перамогі, засталося па-за размовай — навошта пра цяжкасці? Затое пра захапленне малодшанькай (а ў сям’і Шасцёнкаў ёсць яшчэ сын Жэня і дачка Ліза) маляваннем — бясконца. Як і пра сямейныя традыцыі святкаваць дні нараджэнняў, Новы год, Вялікдзень, печаную ў вогнішчы бульбу, смажаныя на прутках бананы, сяброўскія зносіны з суседзямі, дзіцячыя гульні на арэлях і ў пясочніцы, котку з кацянятамі, сакрэцікі, якімі дзеляцца сямейнікі, седзячы разам у прыцемках на гарачай рускай печцы…
Тым часам малая дэманструе свае ўборы: шматлікія сукенкі, прызначаныя для выхаду на ранішнікі ў вобразах гарэзлівых прынцэс, загадкавых феяў і адмысловых кветак. Тоненькая, як маладое дрэўца, дзяўчынка расце ў любові і на маё пытанне аб мінулым жыцці, шэпча:
— У мяне не было жыцця да мамы…
Прыёмныя бацькі Насцюшы жанатыя 20 год, і калі рыхтаваліся да вяселля, далі абяцанне адзін аднаму, што гэта будзе аднойчы і назаўжды, таму павянчаліся. За мужам Алена паехала з абласнога цэнтра ў глыбінку, навучылася жыць у вёсцы і ні разу не пашкадавала аб сваім выбары. Канстанцін на добрым рахунку ў «Энергазбыце», дзе працуе, дамавіты, захапляецца пчалярствам. Яго чалавечых якасцяў хапіла на тое, каб пад уплывам жадання жонкі даць пакінутаму дзіцяці сапраўдную сям’ю і дом.
Утульнасць у гэтым доме — клопат гаспадыні, дзякуючы якому ўсе з задавальненнем спяшаюцца сабрацца тут і ў будні, і ў святы. Адкрытая, шчырая Алена Леанідаўна не саромеецца раіцца па пытаннях выхавання са школьнымі педагогамі і асабліва ўдзячная за дапамогу настаўніцы пачатковых класаў А.А. Гаўрылюк. Настаўнікі ж зазначаюць, што Насцюша набыла падтрымку ў жыцці, адаптавалася, і месца сям’і ў яе сэрцы трывала занята добразычлівымі людзьмі. Як і яе месца, малодшай дачкі і сястрычкі, — у вялікіх сэрцах Шасцёнкаў.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: трое на арэлях.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *