Стартуюць у вёсках

Актуальное Дела аграрные

Жнівень — месяц, калі на прадпрыемствы і ў арганізацыі на свае першыя працоўныя месцы прыязджаюць выпускнікі розных навучальных устаноў. У сельскагаспадарчай галіне папаўнення чакаюць асабліва — не сакрэт, што ў вясковай мясцовасці існуюць кадравыя пытанні. Сёлета з вышэйшых устаноў сельскагаспадарчага профілю ў наш раён накіраваны дзесяць выпускнікоў, з сярэдніх спецыяльных — 64. Частка хлопцаў і дзяўчат ужо прыступіла да працы.

moladz
Маладым спецыялістам,
што прыбылі на работу ў КУСГП «Сцяпанавічы», выплочваецца стыпендыя за ліпень, аднаразовая дапамога (пад’ёмныя) у памеры трох базавых велічынь, на працягу тэрміна адпрацоўкі штомесяц яны будуць дадаткова атрымліваць дапамогу ў памеры тарыфнай стаўкі першага разрада. З гэтага года прадпрыемства прадастаўляе ім жыллё без спагнання кватэрнай платы, таксама бясплатна ім выдзяляецца па два прычэпы дроў. Заработная плата галоўных спецыялістаў складзе прыкладна 2800 тыс рублёў, спецыялістаў сярэдняга звяна — 1500-1700 тыс рублёў.
— Дзяўчат мы засяляем у трохпакаёвую кватэру, якая вызвалілася пасля выбыцця папярэдніх маладых спецыялістаў, — расказвае інспектар аддзела кадраў прадпрыемства Святлана Гагалінская. — Хлопцам прадастаўляецца дом. Па праўдзе кажучы, умовы і там, і там не самыя лепшыя, але адміністрацыя мае намер перасяліць маладых спецыялістаў у новыя, цёплыя, нядаўна пабудаваныя дамы прысядзібнага тыпу са ўсімі зручнасцямі. Адзін з іх павінен вызваліцца з дня на дзень, другі — у кастрычніку.
Разам з моладдзю карэспандэнт наведала іх «апартаменты» і адзначыла, што перспектыва пражываць там — нярадасная: жытло без зручнасцей, вады, з пячным ацяпленнем, патрабуе ўкладання значных сродкаў, дапамогі рамонтнікаў-спецыялістаў, а не проста лёгкага касметычнага асвяжэння. Магчыма, і з гэтай прычыны з Гарадоцкай глыбінкі бліжэй да цывілізацыі і бацькоў, адпрацаваўшы належны тэрмін, з’ехалі дзяўчаты з Пінска і Віцебска, якія займалі трохпакаёўку раней. Задача ж для любога наймальніка не проста «зацягнуць» да сябе выпускніка, стварыць для яго своеасаблівую стартавую пляцоўку, але і замацаваць спецыяліста, які ў працэсе работы набывае вопыт, сталее, удасканальваецца.
У ліку сёлетняга папаўнення — выпускнік Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Вадзім Тарасевіч, які прыехаў на Гарадоччыну са Слуцкага раёна і будзе працаваць у «Сцяпанавічах» галоўным эканамістам. Выпускніца Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа, віцяблянка Анастасія Мікушка заняла пасаду бухгалтара. Таксама віцяблянка Крысціна Казлова, выпускніца гэтай жа навучальнай установы ў гаспадарцы працуе ўжо год, зараз — у якасці галоўнага бухгалтара. Кацярына Пушкова — з Валадаркі, выпускніца Аграрнага каледжа УА «ВДАВМ», будзе працаваць галоўным заатэхнікам. (На здымку яны — злева направа). У другім радзе — віцяблянін, выпускнік гэтай жа навучальнай установы Аляксей Марач, які прыступіў да работы галоўным аграномам.
— Толькі прыбыўшы сюды працаваць, мы яшчэ не паспелі ацаніць, што набылі, а што згубілі, — прызнаецца Вадзім. — Пакуль энтузіязм ёсць. Я жыў у аграгарадку, больш ці менш звыклы да сялянскага жыцця, але маці была далёка не ў захапленні ад умоў, у якіх мне давядзецца існаваць (смяецца). Наогул жа не ведаю, ці надоўга я тут: мной ужо ваенкамат цікавіцца — трэба ж і ў арміі адслужыць.
Можна разважаць на тэму, што размеркаванне выпускнікоў — абмежаванне свабоды выбару. Або сцвярджаць зусім палярнае: размеркаванне — гарантаванае працаўладкаванне, магчымасць атрымаць жыллё і заробак. Зразумела адно: чалавек заўжды імкнецца туды, дзе лепш. Сцяпанавічы ці іншыя нашы вёскі стануць для моладзі родным домам, калі ім тут будзе добра, будзе, за што затрымацца — заробак, жыллё, сям’я, гаспадарка, наладжаны побыт, наяўнасць аб’ектаў сацкультбыту, падтрымка калег і добрасуседскія адносіны з аднавяскоўцамі. Залежыць гэта не толькі ад «прымаючага боку», але і ад намаганняў саміх маладых. Дарагім становіцца тое, у што ўкладваеш душу і працу, а дарагое не кідаюць.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *