Сярэдняя спецыяльная — гэта годна

Образование

caledg

Гарадоцкія каледжы рыхтуюць спецыялістаў для сельскагаспадарчай галіны. Чым адметная ўступная кампанія бягучага года ў гэтых навучальных установах, ці імкнуцца маладыя набываць прафесіі па профілях, якія прапануюць нашы каледжы, мы высветлілі, пабываўшы ў ГДАТК і ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі.
У аграрна-тэхнічны каледж было пададзена 255 заяў, агульны конкурс склаў 1,46 чалавек на месца. Пераважна сярод паступіўшых — выпускнікі дзевятых і адзінаццатых класаў з гарадской мясцовасці. А вось іх веды, згодна сярэднім балам аб адукацыі, вельмі розныя: раскіданне складае ад 3,8 да 8,5 балаў. Самы вялікі конкурс склаўся на спецыяльнасць «Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці» на базе базавай адукацыі — 2,2 чалавекі на месца.
На ўсе спецыяльнасці абітурыенты залічваліся па конкурсу сярэдняга бала дакумента аб адукацыі пры ўмове, што адзнакі ў гэтым дакуменце не ніжэйшыя за тры балы. Выключэнне складалі абітурыенты, што паступалі па беспарыўнай інтэгрыраванай сістэме прафесійнай адукацыі (БІСПА): яны здавалі комплексны экзамен па трох прафіліруючых спецыяльных дысцыплінах.
Як расказала сакратар прыёмнай камісіі Г.В. Шырак, план прыёму на бюджэтную форму навучання выкананы на 100%, набрана 175 навучэнцаў. Планавалася набраць 75 чалавек на платную форму навучання, фактычна набрана 45. У агульнай колькасці гэта болей, чым летась (было 195 чалавек).
Дырэктар ГДАТК Ю.М. Дуброва адзначыў вялікую прафарыентацыйную работу, якую педагогі каледжа здзяйснялі на працягу ўсяго папярэдняга года, сустракаліся з вучнямі і бацькамі, кіраўніцтвам гаспадарак. Дарэчы, 56 абітурыентаў залічаны ў каледж па накіраваннях прадпрыемстваў, адпаведны план выкананы на 100%. Амаль чвэрць навучэнцаў будуць вучыцца ў каледжы на платнай аснове за кошт сродкаў прадпрыемстваў, якія накіравалі іх на вучобу.
— На сямейным савеце мы вырашылі, што я буду паступаць менавіта ў гэты каледж, — распавядае Елізавета Яшчанка з Лёзна. — У свой час па спецыяльнасці «Правазнаўства» яго скончыла мая мама, яна мае давер да ГДАТК як да саліднай навучальнай установы. Я і яшчэ дзве выпускніцы маёй жа школы абралі навучанне па спецыяльнасці «Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне АПК». Сярэдні бал майго атэстата — 8,3. Пасля заканчэння каледжа, хутчэй за ўсё, буду вучыцца далей, для гэтага ёсць падставы і здольнасці.
У прафесійна-тэхнічны каледж для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі набрана 76 чалавек, план прыёму выкананы на 100%. А вось набор навучэнцаў для атрымання прафесійнай тэхнічнай адукацыі працягнуты да 15 верасня: на 100 месцаў па стану на 22 жніўня прэтэндуюць 80 чалавек. Працягваецца прыём дакументаў на аснове базавай адукацыі па спецыяльнасцях «Трактарыст-машыніст», «Вадзіцель аўтамабіля», «Повар-прадавец».
— Сярэдні бал майго пасведчання аб заканчэнні дзевяці класаў складае 6,2, — расказвае Сняжана Стараннік з Глыбоччыны. — Нават не думала, што ў каледжы акажацца так добра: створаны ўсе ўмовы і для вучобы, і для правядзення вольнага часу. У інтэрнатах, няхай сабе і калідорнага тыпу, чыста, утульна, пражыванне бясплатнае. На паверсе — душ, бытавы пакой, ёсць пральная машына-аўтамат, новыя прасы і электрачайнікі. Тыя мае знаёмыя, хто ўжо вучацца тут, сцвярджаюць, што тройчы на дзень смачна і сытна кормяць, таксама бясплатна. Я разлічваю атрымаць не толькі сярэднюю адукацыю, але адначасова і прафесію, а хіба повары і прадаўцы сёння не запатрабаваныя? Няхай бы дзяўчаты са сціплымі здольнасцямі, якія імкнуцца да самастойнасці, не марнавалі час у школах, а далучаліся да нас!
Сацыяльны партрэт навучэнцаў каледжа прыкладна такі: 12% складаюць дзеці-сіроты, 48% дзяцей гадуюцца ў няпоўных сем’ях, 18% — у шматдзетных. Пераважна гэта дзеці з сельскай мясцовасці. Разумеючы, што ім асабліва патрэбная ўвага, апека дарослых, адміністрацыя і педагогі надаюць вялікае значэнне выхаваўчай рабоце, дапамозе ў рашэнні бытавых праблем, прывіццю практычных навыкаў па будучых спецыяльнасцях. У 2012 г. на матэрыяльную дапамогу навучэнцам са сродкаў бюджэту было выдаткавана 24776 тыс руб, яшчэ 10530 тыс руб — пазабюджэтных сродкаў, тых, што майстры працоўнага навучання і рабяты заробілі ўласнымі рукамі.
— Для навучэнцаў у нас усё добра, — канстатуе дырэктар ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі В.А. Папоў і ту жа ўсміхаецца, — дрэнна толькі адно: мы прымушаем наведваць заняткі і вучыцца. Гэта не для гультаёў. Працавітым жа заўсёды радыя!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымках:  у інтэрнаце ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *