Жніво, церабленне ільну, сяўба азімых

Актуальное Дела аграрные

peredovici
Такія задачы стаяць на парадку дня аграрыяў ААТ «Гарадоцкі ільнозавод». Жнівень для іх спякотны і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Шэсць камбайнаў, занятых у гаспадарцы, па стану на 12 жніўня ўжо ўбралі 1198 га зерневых і зернебабовых культур з агульнага іх кліну ў 1513 га.
Жніво ў гаспадарцы пачалося 15 ліпеня з ўборкі азімай пшаніцы. Яе элітнае насенне, сяўба, праведзеная ў аптымальныя тэрміны, своечасовае ўнясенне ўгнаенняў далі свой добры вынік: ураджайнасць склала 36 ц/га. Апошнія дажджы прыбілі ячмень, але і на яго ўраджайнасць грашыць не варта: 31 ц/га. Амаль 30 ц/га склала і ўраджайнасць сумесі аўсу з гарохам — каля 30 ц/га. На бягучы момант менавіта ільнозавод лідзіруе ў раёне па ўраджайнасці, якая ў сярэднім складае 27,6 ц/га (па раёне — 23,0 ц/га).
— Дзякуючы спякоце, што ўсталявалася ў апошнія дні, — расказвае галоўны аграном таварыства Ірына Прыжанкова, — зерне з палёў збіраем амаль сухое — яго вільготнасць складае 12%. Адпраўляем яго ў залік дзяржзаказу, а тое, што закладваем на насенне, ачышчаем і дасушваем на сваёй сушыльнай гаспадарцы да 8% вільготнасці. За дзень пры ўмове добрай ураджайнасці ўбіраем болей як 200 тон зерневых культур. Адразу раздзяляем іх па гатунках і рэпрадукцыі.
У гаспадарцы няма праблем з забеспячэннем палівам, калі і здараюцца паломкі — невялікія, тэхніка не прастойвае. Нават рухавік, што падвёў у адным з камбайнаў, замянілі за самы кароткі тэрмін.
Як гэта адбіваецца на заработнай плаце, нам расказала эканаміст таварыства Ганна Гайдук. Яна патлумачыла, што зарплата налічваецца па здзельным расцэнкам за норму ў залежнасці ад ураджайнасці, маркі камбайна і тэрмінаў яго эксплуатацыі. За перавышэнне нормы і работу ў выхадныя дні — у двайным памеры. Напрыклад, на двухгадовым КЗС-1218 пры ўраджайнасці 21,1-26 ц/га норма выпрацоўкі складае 32,2 т і аплочваецца па адзінарнай расцэнцы за тону 5216 рублёў. У сярэднім за дзень камбанеры зарабляюць па 400 тыс руб.
Адначасова са жнівом у гаспадарцы з 6 жніўня распачата церабленне ільну, усяго выцераблена 430 га. На сваім ЦСЛ лідыруе Рыгор Янчыленка, які выцерабіў лён на плошчы 206 га. Вядуцца работы па падрыхтоўцы глебы пад азімую сяўбу, узараны 373 га, 141 га з іх — на рахунку Юрыя Цвяткова на трактары МТЗ-1221. На 55 га палёў ужо пасеены азімы рапс.
Паміж жнівом «зялёным» і «залатым» здарыўся тыдзень адноснага спакою і адпачынку, затое цяпер працоўны дзень у гаспадарцы — з шасці гадзін раніцы да змяркання. Патрабуюцца дадатковыя працавітыя рукі, таму на сушыльную гаспадарку ахвотна ўзялі шасцёрых школьнікаў. Іх працоўны дзень цягнецца ўсяго па чатыры гадзіны і інструменты ў іх — мётлы і лапаты, але ж нават яны ўносяць свой уклад у агульную справу. Дапамагаюць на перавозцы зерня, пагрузачна-разгрузачных работах на «сушылцы», прасаванні ільну шэфы з ДП «Гардармост» г. Віцебска. У дапамогу на жніве накіраваны і камбайн з маладзёжным экіпажам, машыны для перавозкі зерня з ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі.
І ўсё ж асноўную, важнейшую работу выконваюць камбайнеры гаспадаркі. Як заўсёды, у гаспадарцы лідзіруе Мікалай Цярэнцьеў, ягоны намалот па стану на ўчарашні дзень складае 630 т, другая пазіцыя — у Міхаіла Башкірава (481 т), трэцяя — у Аляксандра Ананьева (471 т).
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: камбайнеры і іх памочнікі, занятыя на жніве ў ААТ «Гарадоцкі ільнозавод» у час кароткага перапынку.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *