Разлічваць на памочнікаў можна

Актуальное

   У адпаведнасці з трохбаковым дагаворам, заключаным паміж УА «Гарадоцкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці імя І.В. Дарошчанкі», райкамам ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» і ААТ «Гарадоцкі льнозавод», на палі прадпрыемства для аказання дапамогі ва ўборцы лёну накіраваны студэнцкі атрад у складзе 60 чалавек.
Льнозавод з’яўляецца не толькі базавым прадпрыемствам каледжа для ажыццяўлення падрыхтоўкі кадраў, але і падшэфнай арганізацыяй навучальнай установы. За lenгады цеснага супрацоўніцтва паміж імі дасягнута ўзаемнае разуменне па ўсіх пытаннях. На палях льнозавода працуе і тэхніка каледжа, што забяспечвае максімальную механізацыю працоўных працэсаў. Але вось выцераблены лён для прасушкі трэба падымаць уручную, як і класці яго ў стужкі. Без дадатковых працоўных рук прадпрыемству не абыйсціся, і штогод яно можа разлічваць на дапамогу руплівых навучэнцаў.
Сваю работу студэнцкі атрад распачаў 10 верасня. Па звестках, прадастаўленых планавым ад­дзелам льнозавода, па стану на 19 верасня хлопцы асілілі справіцца з лёнам на 12 га, у рулоны скручана 24 т трасты. Норма выпрацоўкі на дзень складае на чалавека 0,28 га пры пастаноўцы лёну ў конусы і 380 кг на ўкладцы льнотрасты ў стужку для прэсоўкі з дарожкі. У адпаведнасці з выкананымі аб’ёмамі работ, сярэдняя заработная плата навучэнцаў складае па 11 тыс руб за дзень.
Штодня аўтобус, прадастаўлены філіялам аўтапарка № 1 г. Віцебска (яго паслугі аплочвае льнозавод), вязе вясёлы малады гурт «на лён». Рабяты забяспечаны спецадзеннем, уключаючы рабочыя пальчаткі, працуюць у адну змену па шэсць гадзін. Жывуць яны ў сваіх інтэрнатах, харчуюцца ў сталоўцы. Умовы працы, як яны самі гавораць, нармальныя, а панахіляцца ў паклоне «паўночному шоўку» — справа для іх звыклая. Большасць навучэнцаў каледжа — выхадцы з сельскай мясцовасці, фізічная праца іх не абцяжарвае. Заняткі ў кабінетах, на якія моладзь павін­на вярнуцца 4 кастрычніка, спакушаюць іх куды менш, чым талака на свежым паветры. Галоўнае, каб быў баявы настрой, вясёлая кампанія і добрае надвор’е.
Яшчэ да пачатку сельгасработ каледжам і прымаючай арганізацыяй з маладымі памочнікамі былі праведзены інструктажы па тэхніцы бяспекі. Разам з імі на полі пастаянна знахо­дзяцца выкладчыкі і адказныя ад льнозавода. Але дарослыя прызнаюць, што падсцёбваць хлопцаў надта не даводзіцца: працуюць яны ў нармальным тэмпе, самі разумеюць, што кожны пагодны дзень трэба выкарыстоўваць, каб справіцца з максімальным аб’ёмам работы. Прыкладам паплечнікам па працы стараюцца быць камандзір студатарада Аляксей Унуковіч і камісар Аляксей Карчага.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: працуе студэнцкі атрад ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *