Свята розуму і святла

Актуальное Образование

Святочныя лінейкі, прысвечаныя Дню ведаў, прайшлі ў суботу, 31 жніўня, ва ўсіх школах Гарадоцкага раёна. На адной з іх, у Бычыхінскай сярэдняй школе, прысутнічаў міністр Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, генерал-маёр У.А. Вашчанка. Візіт такой высокапастаўленай асобы дадаў урачыстасці падзеі, якую з нецярпеннем і радасцю чакалі ў кожнай сям’і, дзе падрастаюць школьнікі.
У ліку пачэсных гасцей на лінейку былі запрошаны старшыня раённага выканаўчага камітэта В.М. Муранкоў, начальнік аддзела аministrдукацыі, спорту і турызму А.А. Мурашкевіч, начальнік абласнога ўпраўлення МНС В.І. Чэкан, старшыня Бычіхінскага сельвыканкама Н.Г. Ахадаў, начальнік Гарадоцкага ПМС Я.В. Гурынаў, настаяцель храма Анастасіі Вызваліцельніцы Вязняў айцец Алексій. У сваіх святочных зваротах да 98-мі вучняў, якія запоўнілі прышкольны двор, і іх бацькоў яны жадалі, каб у сэрцах настаўнікаў не згасаў агеньчык педагагічнага таленту, каб мамы і таты штодня радаваліся поспехам сваіх дзяцей, а віноўнікам урачыстасці — каб у школе яны дзень за днём спазнавалі новае, цікавае, наталялі сваю прагу ведаў і раслі годнымі грамадзянамі сваёй краіны.
— Вакол вашай школы ўсімі колерамі буяюць кветкі, падрастае малады сад, — заўважыў Васіль Муранкоў. — Ён паса­джаны рукамі педагогаў і работнікаў вашай школы, каб вы даглядалі яго, каб у вас быў інтарэс да ўсяго прыгожага і жывога. Не сакрэт, што менавіта ў сельскіх школьні­каў трэба выхоўваць любоў да зямлі, жаданне працаваць на ёй. Вам ёсць на каго раўняцца: нездарма вы ганарыцеся, што менавіта гэта школа выхавала генерала-маёра, міністра такога сур’ёзнага Міністэрства! Ён завітаў падняць ваш дух, нацэліць на вялікую працу. Вам, дзеці, трэба вучыцца на адзнакі, не ніжэйшыя за «дзесяткі»… У добры шлях!
Васіль Мікалаевіч перадаў школе камплект лыжаў, з дапамогай якога рабяты будуць далучацца да здаровага ладу жыцця. Дапамагло ў абсталяванні спартыўнай залы прадпрыемства міліярацыйных сістэм, а КУСГП імя Свярдлова набыло для школы сталовы посуд.
У.А. Вашчанка прывёз у падарунак школе ноўтбук, рукзачкі са школьна-пісьмовымі прыналежнасцямі першакласнікам, новых сяброў — персанажаў газеты «Юны выратавальнік» зайца Фільку і ліску Лільку. Трынаццаці вучням, якія сёлета ўпершыню пераступілі школьны парог, ён перадаў падарунак ад Прэзідэнта краіны А.Р. Лукашэнкі, кнігу «Беларусь — наша Радзіма». На пытанне карэспандэнта «раёнкі», чаму на свята ведаў адзін са нешматлікіх міністраў прыехаў з Мінска за сотні кіламетраў у сціплую вясковую школу, Уладзімір Аляксандравіч адказаў:
— Менавіта школа — самая галоўная навучальная ўстанова для любога чалавека. Я да гэтай пары памятаю, як мы, малеча, змагаліся за права паднесці сумку нашай першай настаўніцы Марыі Іосіфаўне Захаравай. Непазбыўны след ў маім сэрцы пакінулі любімыя педагогі… Я шчаслівы, што маю магчымасць падзяліць радасць такога светлага, разумнага свята з маімі землякамі.
З гордасцю дырэктар школы В.М. Шэнец правяла шаноўных гасцей па абноўленых кабінетах школы, дзе на працягу мінулага года зрабілі добры рамонт: замянілі вокны і дзверы, адрамантавалі падлогу, спартыўную залу, набылі новую мэблю ва ўсе класы, сучаснае абсталяванне, адкрылі буфет, абнавілі харчаблок і сталовую… Праходзячы міма класаў, госці міжволі сцішалі галасы і хаду: у школе пачаліся заняткі.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.

міністр МНС У.А. Вашчанка перадае першакласнікам падарункі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *