Кірмаш адбыўся. Кірмаш будзе

Актуальное

   Раённы восеньскі кірмаш — падстава не толькі закупіць сельскагаспадарчыя прадукты на зімоўку, набыць тавары прамысловай групы, але і сустрэцца-пагаварыць са знаёмымі, павесяліцца ля канцэртнай пляцоўкі, удыхнуць празрыстага паветра, насычанага пахам восені.
Са свайго звыклага месца на цэнтральный плошчы сёлета кірмаш перабраўся на перакрыжаванне вуліц Савецкай і Валадарскага. yrmarkaРазмясціцца тут удала змаглі ўсе гандляры, вольна адчувалі сябе і пакупнікі. Шумныя чэргі сабраліся ля гандлёвай кропкі райспажыўтаварыства, дзе гандлявалі капустай, каля смачнай выпечкі сталовай аграрна-тэхнічнага каледжа, ля свежай рыбы, што прапаноўвала мясцовае таварыства паляўнічых і рыбаловаў, семянной бульбы філіяла «Віраўлянскі». Не было часу сумаваць гандлярам гароднінай і абуткам, зернем і мяса-малочнай прадукцыяй, мёдам і яйкамі, саджанцамі пладовых дрэў і ягадных кустоў, пасцельнай бялізнай і будаўнічымі матэрыяламі.
У чарзе за рыбай жанчыны жыва абменьваліся сваімі фірменнымі рэцэптамі яе прыгатавання. «Так, рыбку можна купіць і ў будні дзень. Прыемна, што яна нават у параўнанні з мінулым годам амаль не падаражала. Але сёння, на кірмашы, таптацца ў чарзе за ёй неяк весялей, ёсць магчымасць пагаманіць. Можа, і страва смачнейшай акажацца»,  — жартавалі кабеты.
Незадаволеныя водгукі карэспандэнту давялося пачуць хіба што пра малую колькасць капусты — усім жадаючым купіць яе на закваску качаноў не хапіла. Але ж кірмаш развернецца і ў суботу 19 кастрычніка, пашанцуе закупіцца ўсім. Кастрычніцкія выхадныя — час кірмашоў ва ўсіх пасёлках і гарадах, магчыма, пагандляваўшы дома, прапанаваць свае тавары гарадакчанам змогуць і суседзі.
Упрыгожыла  і аздобіла кірмаш сапраўдным нацыянальным каларытам гандлёвая палатка Дома рамёстваў і фальклору. Хаця сувеніры з лазы, гліны, саломы не былі самым папулярным таварам, наведвальнікі заглядаліся на іх з захапленнем. yrmarka-1На канцэртнай жа пляцоўцы віравалі фарбы яркіх касцюмаў артыстаў з райцэнтра і гасцей з вёсак Гарадоччыны. Іх то лірычныя, то гарэзлівыя песні, прыпеўкі, яскравыя танцы прыйшліся даспадобы аматарам самадзейнай творчасці — кожны творчы нумар яны віталі дружнымі апладысментамі.
Падзячныя лісты за подпісам старшыні райвыканкама В.М. Муранкова за актыўны ўдзел у кірмашы яго намеснік па эканоміцы Т.А. Варанко ўрачыста ўручыла ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі, ГДАТК, Гарадоцкаму райспажыўтаварыству, адкрытым акцыянерным таварыствам «Птушкафабрыка Гарадок» і «Гарадоцкае райаграпрамзабеспячэнне», Гарадоцкаму таварыству паляўнічых і рыбаловаў. Па папярэдніх падліках агульная выручка гандляроў на кірмашы склала больш за 150 млн рублёў.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымках: сцэны з восеньскага кірмаша. 
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *