Не пакідай…

Актуальное

  Для сяброўства жыццё звяло Раісу Сямёнаўну Седунову і Аляксандра Андрэевіча Рыбакова (на здымку) гадоў дваццаць таму.socsluzba Маладзейшы, мацнейшы сусед дапамагаў жанчыне апрацоўваць агарод, нарыхтоўваць дровы, яшчэ тое-сёе рабіць па гаспадарцы. Яна ўдзячна дзялілася малаком ад сваёй каровы — тады яшчэ была пры сіле, трымала рагулю. Цяпер, на 78-м годзе, аслабела, з хаты без чужой дапамогі не выйдзе, хварэе на поліартрыт. Каб пасядзець на лаўцы, падыхаць свежым паветрам, за руку яе выводзіць Андрэевіч. Бабуля ўглядаецца ў неба і здзіўляецца: “Пакроў прайшоў, а ўсё яшчэ цёпла. Ды ўсё роўна на зіму паверне…”
Так і ў жыцці: як не намагайся, а маладзейшым не станеш. Лёс Сямёнаўны склаўся так, што яна ніколі не была замужам і не мела дзяцей. Працавала, як яна гаворыць, “ля скаціны” — даглядала калгасных цялят, свіней, кароў, у паляводстве. Жыла са старэйшымі братам і сястрой да самай іх смерці. Цяпер засталася адзінокай на бацькоўскай сялібе. Так, яе клікала сяброўка з Віцебска паехаць жыць да яе, з сельсавета і сацыяльнай службы неаднаразова прапаноўвалі ўладкаваць на сацыяльны ложак. Яна катэгарычна адмаўляецца, просіць толькі свайго памочніка: “Не кідай мяне…”
Ён не кідае, клапоціцца. Штодня, а то і двойчы на дзень дабіраецца з суседняга Марыампаля, каб прывезці падапечнай прадукты, прыгатаваць ежу, абкасіць участак, дагледзець агародчык, напаліць у печы, забраць, каб памыць, бялізну… Яны адзін аднаму чужыя па крыві, аднак душой Андрэевіч прывязаўся да бабулі, гаворыць, што жывуць яны дружна, не даюць адзін аднаму прычын для крыўды. Дарэчы, раней А.А. Рыбакоў даглядаў траіх старых, але двое з іх пайшлі з жыцця: старасць…
Афіцыйна сям’я Аляксандра Андрэевіча і Любові Сцяпанаўны Рыбаковых з’яўляецца патранатнай для Раісы Сямёнаўны. Грошаў за сваю дапамогу ёй яны не атрымліваюць, іх адносіны будуюцца на ўзаемным даверы, клопаце пра слабейшага — на лепшых чалавечых якасцях. Няхай бы ля нямоглых так завіхаліся б хаця родныя! Бо няма на свеце нічога больш сумнага, чым адзінокая і закі­нутая старасць напрыканцы  годнага жыцця.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *