Плечы мам агарнулі пяшчотаю

Актуальное

  З 8 па 14 кастрычніка ў Гарадоцкім раёне, як і ва ўсёй краіне, доўжыўся Тыдзень маці. У яго рамках прайшлі шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя галоўнай у свеце жанчыне — маці. Для дзяцей усіх узростаў з’явілася падстава чарговы раз прызнацца ў любові матулям, наведаць іх, падтрымаць сямейныя традыцыі. Заключнае і галоўнае мерапрыемства ў рамках Тыдня маці, святочны канцэрт «Няхай заўжды будзе мама», прайшло на сцэне Гарадоцкага ГДК у панядзелак.
У сваім віншавальным звароце ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў да прысутных жанчын-маці намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Н.А. Бурунова падкрэсліла, што важнейшая роля жанчыны ў развіцці грамадства прызнана на дзяржаўным узроўні, клопат пра сям’ю і мацярынства з’яўляюцца прыярытэтамі сацыяльнай палітыкі краіны. У нашым раёне жывуць 184 мнагадзетныя сям’і, дзе выхоўваюць 595 дзяцей. У ліку 25-ці жанчын Віцебшчыны, што выхоўваюць траіх і больш дзяцей, і 14 кастрычніка былі ўзнагароджаны ганаровай прэміяй імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка, сёлета была наша зямлячка з Пальмінкі Надзея Мікалаеўна Мікалаева.
Глядзельная ж зала ў Гарадку вітала апладысментамі маладую маму Алену Хадзюню (на здымку). Свайго першынца Кірыла яна нарадзіла hodunya21 верасня, у Міжнародны дзень міру, і старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Наталля Гамзюк ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыла ёй пасведчанне аб тым, што хлопчык надзелены правам насіць ганаровае званне «Дзіця міру». Ён нарадзіўся ў працавітай сям’і Хадзюняў, прадстаўнікі якой — на найлепшым рахунку ў ААТ «Гарадоцкае райаграпрамзабеспячэнне», і Н.Л. Гамзюк выказала на­дзею, што Кірыл, калі вырасце, працягне працоўную дынастыю.
У Беларусі Дзень маці святкуецца на Пакроў Прасвятой Багародзіцы. Па паданні ў 910 годзе Візантыйская імперыя вяла вайну з мусульманамі, і Канстанцінопалю пагражала небяспека. Над молячыміся ў перапоўненым Улахернскім храме з’явілася Богамаці і распасцёрла вялікае пакрывала, якое насіла на галаве, і якое ззяла, як маланка, у знак збаўлення ад бяды і абяцання заступніцтва. У народнай традыцыі шэрань або снег, што выпаў на зямлю, станавіўся своеасаблівым пакрывалам, што хаваў яе. Значыць, болей чапаць зямлю нельга, асабліва гэта тычыцца могілак. Пакрытая галава ў жанчын здаўна была прыкметай замужжа ў той час, як дзяўчаты хадзілі з непакрытай галавой, таму і прасілі: «Маці-Багародзіца, пакрый зямлю сняжком, а мяне — платком». Найлепшы падарунак для маці, які сімвалізуе мацярынства, — хустка.balniki
Сваю святочную хустку ўдзельнікі мерапрыемства, кажучы вобразна, саткалі са сваіх самых лепшых творчых набыткаў. Яшчэ ў фае Дома культуры разгарнулася выстава дзіцячых малюнкаў «Нашым мамачкам прысвячаецца» выхаванцаў мастацкага аддзялення школы мастацтваў, на якіх былі выявы прыгожых кветак, матылькоў, збудаванняў і, вядома ж, партрэты мам. Прыцягвалі ўвагу і выклікалі жаданне набыць іх кветкі з бісера, керамічныя вырабы, жывапіс шэрсцю Таццяны і Алега Смірновых, удзельнікаў народнага клуба народных майстроў «Вытокі» Дома рамёстваў і фальклора. Затрымліваліся жанчыны і ля тэматычнай кніжнай выставы «Мама, мамачка, матуля», арганізаванай Гарадоцкай цэнтральнай бібліятэкай.
Як пяшчотнымі абдымкамі, меладычнымі песнямі, яскравымі танцамі, цёплымі, удзячнымі прызнаннямі агарнулі плечы матуль удзельнікі святочнага канцэрта. Яго настрой быў назамутнёным — выступалі пераважна дзеці, а што можа быць больш шчырае за любоў маленькіх сэрцайкаў? Многія песні ў выкананні салістаў старэйшага ўзросту гледачы пазнавалі адразу ж і падпявалі ім. Пачуўшы пранікнёныя словы іншых песень, неўпрыкмет змахвалі слязінкі, што наварочваліся на вочы ад пачуццяў і ўспамінаў. Аднак з канцэрта разыхо­дзіліся прасветленыя, у добрым настроі, удзячныя за падарунак.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: «Джайв» у выкананні ўдзельнікаў студыі бальнага танца «Гармонія» (кіраўнік Т. Сіманковіч).
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *