У доме святаў будзе свята

Актуальное Культура

  Домам, у якім заўсёды свята, можна назваць вядучую ўстанову культуры нашага раёна — Гарадоцкі гарадскі Дом культуры. Прасякнутыя атмасферай творчасці, яго супрацоўнікі і ўдзельнікі тутэйшых самадзейных калектываў імкнуцца, каб наведвальнікам, што прыходзяць сюды аб’яднацца ў дні вялікіх падзей, было цікава і радасна.

gdk
Толькі за гэты год Домам культуры было арганізавана і праведзена больш за 300 мерапрыемстваў з розных нагод. Апошняе дасягненне — удалы ўдзел народнага тэатра сатыры і гумару “Фанограф” з нумарам “Багама мама” (рэжысёр Вольга Люкшына) у абласным тэлевізійным творчым праекце “Зорны шлях”. Літаральна напярэдадні Дня работнікаў культуры калектыў прыняў удзел у заключным канцэрце гэтага праекта, што адбыўся ў Віцебскай абласной філармоніі. “Фанограф” стаў пераможцам праекту, узнагароджаны Ганаровай граматай упраўлення культуры аблвыканкама і атрымаў у падарунак мікрахвалёвую печ.
Плённа працуюць і іншыя калектывы, флагманамі з якіх з’яўляюцца тыя творчыя аб’яднанні, што носяць высокае званне “народны”: драматычны тэатр (рэжысёр Аляксандр Бязгінаў), ансамбль песні і танца “Яблынька” (хормайстар Дзіна Сцяпанава, музычны кіраўнік Вячаслаў Мурашкевіч, балетмайстары Наталля Тарасава і Наталля Целяшава). Дарэчы, малады спецыяліст Наталля Целяшава — былая выхаванка творчых калектываў Гарадка, скончыла Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў і вярнулася працаваць у родны горад.
У хуткім часе плануе абараняцца на званне “узорнай” студыя бальнага танца “Гармонія”, якой кіруе Таццяна Сіманковіч. Цяпер яна адначасова вучыць танцам у розных узроставых групах больш як 50 дзяцей. З радасцю займаецца моладзь і ў групах эстраднага танца “Флэш” (Наталля Тарасава) і “Фарсаж” (Алеся Ляшчынская).
Удала спалучае абавязкі мастацкага кіраўніка Дома культуры і кіраўніка студыі вакальных спеваў “Вясёлка” Ірына Пракапенка. Уласная натхнёнасць гэтай жанчыны перадаецца ўсім, каму даводзіцца з ёй працаваць. Яе ідэі і энергія невычарпальныя, да ўвасаблення кожнага мерапрыемства яна падыходзіць з асаблівым пачуццём, таму і гледачам не бывае сумна на мерапрыемствах, што ладзіць Ірына Іванаўна. Нават колішнія салісты, сённяшнія студэнты розных навучальных устаноў, з якімі яна займалася, у выхадныя радыя наведаць сцены Дома культуры, каб сустрэцца са сваім кіраўніком.
Прадстаўнікі розных узроставых груп насельніцтва могуць рэалізоўваць тут свае здольнасці. Яскравы прыклад таму — хор ветэранаў “Кацюша”, натхніцелямі дзейнасці якога з’яўляюцца Зоя Жолудзь, Вячаслаў Мурашкевіч і Таццяна Карусевіч. Калектыў пашыраецца, у яго прыходзяць новыя ўдзельнікі, каб уліцца ў вялікі ансамбль і дарыць радасць ад сустрэчы з песняй наведвальнікам святочных мерапрыемстваў.
40 год таму самым папулярным калектывам Гарадоччыны быў вакальна-інструментальны ансамбль “Лель”. Яго адраджэнне праз гады, калі былыя ўдзельнікі зноў аб’ядналіся ў калектыў пад кіраўніцтвам Валерыя Кавалёва, — унікальны выпадак. Надзвычай прыхільна сустрэлі гледачы сваіх куміраў і спадзяюцца на новыя канцэртныя праграмы ў выкананні любімага “Леля”.
— Неабходна адзначыць, што наш калектыў дружны, з’яднаны і мае высокі творчы патэнцыял, — сцвярджае дырэктар Дома культуры Андрэй Кандратовіч. — Трывалы падмурак гэтаму ствараецца тым, што мы падтрымліваем сувязь пакаленняў. Старэйшыя культработнікі перадаюць свае веды, вопыт юным, сярод якіх — маладыя спецыялісты Вікторыя Рачкоўская і Святлана Гайко. Выхаванцы дзіцячых і маладзёжных гурткоў сталеюць, а ўсё ж не расстаюцца са сцэнай, прыходзяць займацца ў дарослыя калектывы. Часта дзеці колішніх дзяцей становяцца нашымі гурткоўцамі. Сапраўдныя творчыя захапленні з цягам часу не страчваюцца, і гэта радуе — чалавек жывы не хлебам адзіным.
Наведвальнікі Дома культуры могуць заўсёды разлічваць на новае, цікавае, якаснае правядзенне мерапрыемстваў, іх высокі ўзровень. Да гэтага сумленныя культработнікі прыкладаюць усе свае творчыя намаганні.
У хуткім часе зменіцца і знешні выгляд галоўнай установы культуры раёна. Яе чакае капітальны рамонт. Амаль завершаны рамонт кроўлі будынка, старыя вокны ў кабінетах заменены на сучасныя шклопакеты. Дарэчы, калі бібліятэка пераедзе ў іншае памяшканне, дадасца рэпетыцыйных залаў і грымёрак для патрэб 17 калектываў, што зараз працуюць у Доме культуры. Яго супрацоўнікі мараць аб паляпшэнні інтэр’еру, набыцці новых крэслаў у глядзельную залу, светлавога абсталявання…  Гарадакчанам і гасцям раёна будзе прыемна ўвайсці ў адноўлены, маючы годны выгляд Палац культуры.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: калектыў Гарадоцкага ГДК.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *