На абарону Айчыны

Актуальное

  На працягу лістапада  больш за 30 юнакоў з Гарадоцкага раёна будуць прызваны на службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Павесткі яны ўжо атрымалі, а ў панядзелак у раённым краязнаўчым музеі адбылася сустрэча прызыўнікоў восені 2013 года і грамадскасці раёна.prizyv
На пачатку мерапрыемства да хлопцаў звярнулася начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Гамзюк. Яна адзначыла, што сёлетні асенні прызыў праходзіць напярэдадні знамянальнай для Гарадоччыны даты — 70-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Будучым салдатам належыць з гонарам працягваць воінскія традыцыі папярэдніх пакаленняў. У працоўных і навучальных калектывах чакаюць, што пра службу нашых рабят з воінскіх часцей будуць прыходзіць толькі станоўчыя водгукі. Уручаючы наказы і падарункі прызыўнікам, Наталля Леанідаўна пажадала, каб шлях, на які яны ступаюць, быў спакойным і ўдалым.
Ад імя раённай ветэранскай арганізацыі юнакоў вітала Жанна Макараўна Паметнікава. Яна ўзгадала, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны многім воінскім часцям, якія праславілі сваю зброю ў баях за Гарадок, было прысвоена найменне Гарадоцкіх. Менавіта з гэтай прычыны гарадоцкім хлопцам нельга ўдарыць тварам у гразь. Пры выкананні свайго грама­дзянскага абавязку яны павінны кіравацца пачуццём адказнасці за мір і спакой сваёй малой радзімы, сваіх родных і блізкіх.
Ваенны камісар раёна Дзмітрый Багумірскі адзначыў, што двойчы на год падчас прызыву рады Узброеных Сіл Беларусі папаўняюцца прыкладна на 40 юнакоў з нашага раёна. За час службы яны набываюць ваенную спецыяльнасць, сапраўдных сяброў, сталеюць і мужнеюць. Даводзіцца атрымлі­ваць мноства падзяк у іх адрас, а выпадкаў злачынстваў і сур’ёзных заўваг на памяці ваенкама не было. Многія хлопцы праз паўтара гады службы вяртаюцца дадому малодшымі камандзірамі і працягваюць жыць і працаваць для дабрабыту свайго краю.
Аб тым, што Радзіма — не абстрактнае паняцце, а тое месца, дзе яны выраслі, дзе знаходзяцца іх дамы, школы, сем’і, сябры і землякі, прызыўнікам нагадаў святар Стахій Кісялёў. Ён блаславіў хлопцаў на захаванне не толькі рубяжоў і спакою краіны, але і на тое, каб яны прытрымліваліся праваслаўных традыцый у ладзе жыцця.
Раённы краязнаўчы музей невыпадкова быў абраны месцам правядзення Дня прызыўніка: у яго сценах сабраны багаты матэрыял аб самабытнай Гарадоччыне, яе слаўных сынах і героях. Дырэктар музея Т.М. Іванова распавяла менавіта пра іх, пажадаўшы, каб такі прыклад натхніў юнакоў на выкананне свайго свяшчэннага грамадзянскага абавязку — абарону Бацькаўшчыны.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: падчас мерапрыемства.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *