Народныя таямніцы, або Заручыцца спрыяннем продкаў

Актуальное

   У апошнія гады моладзь захапілася замежнымі святамі, мы адзначаем Хэлоўін, дзень Святога Валянціна…, але у нас, беларусаў, ёсць свае не менш таямнічыя і цікавыя традыцыі, што бяруць свой пачатак з глыбіні сівых стагоддзяў, і якія народ пранёс, пераважна ў вёсках, да сённяшняй пары.  Пра адну з такіх традыцый ёсць падстава расказаць.  
  Сёння — дзень ушанавання продкаў, Змітраўскія дзяды. Дзядоў у беларусаў паводле царкоўнага ўставу чацвёра: Духаўскія, Змітраўскія, Радуніца і перад Масленым тыднем. А яшчэ «дзяды» — гэта зборнае найменне ўсіх памерлых продкаў роду. dedy
Змітраўскія дзяды называюць багатымі — сабранае сена ўзвышаецца шматлікімі стагамі,  стаяць сцірты са збожжам, і ў сялянскіх дварах шчодрая восень насыпала з поўнага рога садавіны і гародніны. У гэтую пару беларусы ўспамінаюць сваіх продкаў, якім яны абавязаны жыццём, здароўем і ўласным набыткам.
Як, згодна беларускіх традыцый, трэба спраўляць Змітраўскія дзяды, нам распавялі мясцовыя старажылы — Ніна Ягораўна Мяшчанава з вёскі Марчанкі, бабульцы 82 гады,  і крыху маладзейшая за яе Надзея Афанасьеўна Шаўня з вёскі Вярэчча.
— Мы і цяпер ладзім Дзяды, ды і ўсе нашы аднавяскоўцы таксама прытрымліваюцца старых звычаяў, — гавораць бабулі.
Восеньскія Змітраўскія  дзяды, па-іншаму Асяніны, праводзяцца суботнім вечарам на трэцці тыдзень пасля Пакроваў. Напярэдадні гаспадыні старанна прыбіраюць свае хаты,  а гаспадары — падворак, растаўляюць па месцах усе гападарчыя прылады, каб тыя не заміналі духам, што прыляцяць сюды на бяседу. На Дзяды, або вячэру для памерлых, гатуюць няцотны лік  абрадавых страў, сярод якіх  бліны,  смажаныя каўбасы, квашаніна і абавязкова куцця.  Існуе павер’е, што мноства страў, парадак у гаспадарцы  прынясуць радасць  памерлым.
— Адразу пасля вайны, калі пшаніцы не было, куццю гатавалі з жыта, яно  марудна і дрэнна варылася і часта заставалася напаўсырым. Памятаю, як людзі іншых веравызнанняў, якія жылі ў нашай вёсцы, пыталіся: «Як гэта называецца ў вас той дзень, калі жыта сырым ядуць?» — усміхаецца бабуля Ніна. — Звычайна ж для куцці бяруць пшаніцу, запраўляюць яе мёдам, атрымліваецца вельмі смачна. Сёння ў нашай вёсцы замест пшанічнай часцей вараць рысавую куццю, а замест мёду дадаюць цукар і разынкі.
У  некаторых рэгіёнах Беларусі, па словах маіх субяседніц, у іх мясцовасці  такое не практыкавалася, на Дзяды ставілі дзяжу з цестам, каб падыходзіла, а назаўтра пяклі боханы хлеба. Чым заможней сям’я — тым большыя боханы. Бедныя сем’і пяклі маленькія, з кулачок, булачкі. Хлеб і булачкі неслі да царквы і раздавалі  жабракам, пагарэльцам, сіротам. На  Дзяды пажадана схадзіць у царкву і паставіць свечку за ўпакаенне душ памерлых.
— Даўней у некаторых  рэгіёнах Беларусі на Дзяды сем’і адного роду  збіраліся ў доме  найбагацейшага з родзічаў,  усе са сваімі стравамі,  і за агульным сталом спраўлялі вячэру — родавыя памінкі, аднак у нашай мясцовасці   кожная сям’я вячэрала ў сваёй хаце, па родзічах не хадзілі, — узгадваюць бабулькі.
— Парадак вячэры такі: вечарам засцілаюць стол чыстым абрусам, растаўляюць абрадавыя стравы, запальваюць абрадавую свечку, якая стаіць у келіху з соллю, мая матуля брала замест свечкі  маленькую лампадку, — успамінае бабуля Ніна, — моляцца за памерлых. Запрашаюць дзядоў да стала,  пэўных  абрадавых слоў для гэтага ў нашай мясцовасці не існуе, гаворым, як умеем: «Ляціце да нас, просім вас. Хадзіце і старэнькія, і маленькія». У некаторых рэгіёнах у даўніну адчынялі дзверы і вокны, каб духі ўляцелі ў хату, але  ў нас так не рабілі.
Застолле не ажыўляецца весялосцю. Размова за сталом вядзецца аб дзядах — памерлых продках роду. Апавядаюць пра іх прыгоды, родавыя і звязаныя з родам  легенды. Прыгадваюць характары памерлых.
Па заканчэнні памінальнай вячэры на стале на ноч пакідаюць усе стравы,  нічога не прыбіраючы, відэльцамі, лыжкамі і посудам.  Класці лыжку трэба  абавязкова выемкай не ўніз, а ўверх. Лічыцца, што дзяды-нябожчыкі  ўночы будуць частавацца за сталом і можна будзе заручыцца іх спагадай, дапамогай.
Гэта далёка не поўны пералік абрадаў, якія выконваліся на Дзяды, бо ў кожным рэгіёне, у кожнай мясцовасці яны свае, самабытныя…
Для сучасных сем’яў, у якіх выхоўваюцца маленькія дзеці, Дзяды — спрыяльны час пазнаёміць малых з радаводам, перабраць кожную галінку генеалагічнага дрэва, успомніць, хто з продкаў чым вызначыўся. Далучыць дзяцей да  традыцыі ўшанавання памяці — добрая справа.
  Р.S. Гістарычна Змітраўскія дзяды, Змітраўская субота, былі ўведзены ў 1380 годзе, калі вялікі князь Дзмітрый Данскі здабыў перамогу на Куліковым полі, але страціў там шмат сваіх ратных людзей і загадаў служыць па іх усяленскую паніхіду ва ўсіх  храмах. З тае пары кожны год у Змітраўскую суботу ўшаноўваюць усіх загінуўшых і памерлых.
Кацярына ПУЧКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *