Працавалі — і спявалі

Актуальное

  Сям’я Валянціны Іванаўны і Пятра Міхайлавіча Багданавых з Селішча — сям’я ардэнаносная. Муж узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга і «Знак Пашаны», жонка мае ордэн Дружбы народаў.
Дзецьмі ім абодвум давялося перажыць акупацыю, зведаць нястачы, звязаныя з тым страшным часам, бамбёжкі, знішчэнне родных лю­дзей. «Перад самай вайной бацька пабудаваў новую хату. Дык яе спалілі фашысты, мы яшчэ двойчы перабіраліся да родных, але і іх жытло спальвалі тыя нелюдзі… Усё ўспомніць — дык тужлівая кніга выйшла б», — гаворыць Пётр Міхайлавіч. bogdanov
Пасля вызвалення беларусам давялося адбудоў­ваць усё нанова. Кожны дзень іх неймаверных намаганняў набліжаў лепшыя часы. Субяседнік успамінае, як ён, тады яшчэ падлетак, нароўні з дарослымі пешшу з Гарадка да Пушчы насіў на сабе зерне. Яно павінна было стаць насеннем для новага ўраджаю. Босыя, галодныя людзі сеялі ўручную, аралі на сабе, але радаваліся: нарэшце свабодныя, песцяць сваю ніўку. А працаваць даводзілася за працадні, на якія выдавалі гірсу. Так называлі пустазелле, з якога атрымліваўся чорны горкі хлеб.
Пётр Міхайлавіч добра памятае свой першы трактар — ДТ-54 на гусянічным хаду. У той час нават такая тэхніка была значнай падмогай сялянам, якія касілі, жалі, нарыхтоўвалі лес, убіралі лён і шмат чаго яшчэ рабілі ўручную. Свае сельгасмашыны механізатар Багданаў даглядаў і любіў, але выціскаў і з іх усе іхнія магутнасці. З дня ў дзень працаваў з цямна да цямна, успамінае, што амаль ноччу вяртаўся з поля дадому і не меў сіл павячэраць — адразу клаўся спаць.
Валянціна Іванаўна 30 год адпрацавала даяркай. Спачатку даіла групу з 18 кароў уручную, калі ж праца стала механізаванай, дабавілася і да 40 галоў рагуль. Да 20-дзённага ўзросту паіла цялят… Ведаючы, у якіх умовах працуюць сучасныя жывёлаводы, яна сур’ёзна заяўляе: «У такіх даільных залах, як цяпер, я б і зараз працавала. Толькі вось ногі падводзяць — перасоўваюся толькі па хаце, і тое з кіёчкам».
Сваіх дваіх сыноў бацькі выхоўвалі на ўласным прыкладзе працалюбства, заўжды ўнушалі дзецям, што галоўнае ў жыцці — сумленнае стаўленне да тога, што робіш. Не было для людзей тога добрасумленнага пакалення большай заганы як п’янства і гультайства. Яны сцвярджаюць, што ў іх не было часу ўпадаць у дэпрэсіі і падавацца ў загулы. Многа і шчыра працавалі, але і гулялі, і наогул жылі весялей — ад працы задавальненне атрымлівалі.
Да свята 7 лістапада старшыня калгаса да­зваляў зарэзаць цяляці на агульны стол. Ладзіўся ён звычайна ў кагосьці ў хаце, і ўсе годныя, прыстойныя людзі, незалежна ад пасады і адукацыі, былі ў бяседзе на роўных. Вядома, падымалі чарку, але пілі нямнога, больш гаманілі ды спявалі.
Валянціна Іванаўна, заўзятая спявачка, сцвярджае, што прыгожыя песні тых часоў яны спявалі і працуючы: душа прагла радасці. Цяперашняму пакаленню ардэнаносцы раілі б не спакушацца  лёгкім хлебам і не баяцца працоўных мазалёў, захоўваючы дзедаўскія традыцыі.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: такі партрэт П.М. Багданава быў змешчаны на абласной Дошцы гонару.
Фота з архіваў Гарадоцкага раённага края­знаўчага музея.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *