Сейбіты разумнага, добрага, вечнага

Актуальное

  Людна і весела было ў кватэры былых настаўнікаў Варахобавых Віктара Іванавіча і Ірыны Іларыёнаўны 20 лістапада. З 75-гадовым юбілеем галаву сям’і прыйшлі павіншаваць старшыня раённага савета ветэранаў Ж.М. Паметнікава, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі В.А. Спірыдава, настаўнікі маладзейшага пакалення, некаторыя з якіх былі вучнямі Віктара Іванавіча.vorohobov
Ягоны працоўны шлях, як і жонкі, пачаўся на Смаленшчыне ў вясковай школе. Тамашні дырэктар быў чалавекам надзвычай строгім, патрабавальным, імкнуўся ўкараняць у навучанні перадавыя тэхналогіі. Быт маладых настаўнікаў быў па-сапраўднаму спартанскім. Такі старт стаў для іх сапраўднай школай жыцця, якая загартавала і пазбавіла ад страху перад цяжкасцямі.
Па пераездзе ў Гарадок сямейная пара з галавой акунулася ў вір тутэйшага жыцця. У горадзе працавала чатыры агульнаадукацыйныя і вячэрняя школа, у якой і пачаў выкладаць Віктар Іванавіч. У некаторых з ягоных вучняў сівізна прабівалася, многія былі старэйшыя за свайго фізіка, але паважлівым адносінам да яго розніца ва ўзросце не замінала. І цяпер з захапленнем настаўнік успамінае, што чацвёра вучняў-«вячэрнікаў» з ягонага другога выпуску па заканчэнні школы атрымалі медалі: настолькі ненатольнай была іх прага да ведаў.
Ад тых, каму пашчасціла вучыцца ў В.І. Варахобава, давялося пачуць не менш захопленае і ўдзячнае, што ён — Настаўнік з вялікай літары, які ўмеў так даходліва патлумачыць тэму, абудзіць цікаўнасць да яе, ненавязліва прымусіць думаць і вучыць матэрыял, што гэты працэс дастаўляў дзецям задавальненне. Яму аказалася падуладнай і адміністрацыйная работа: на працягу многіх гадоў Віктар Іванавіч працаваў дырэктарам СШ № 1 г. Гарадка. Ягоным надзейным тылам, верным паплечнікам заўсёды была жонка, настаўніца хіміі і геаграфіі ў СШ № 2, Ірына Іларыёнаўна. Яны і цяпер разам — светлыя, разумныя людзі, якія і ў паважаным узросце не страцілі пачуцця гумару, аптымізму. Абодва маюць свае захапленні: яна — актыўны ўдзельнік народнага аматарскага аб’яднання «Зялёная альтанка» Дома рамёстваў і фальклору, а ён зацікавіўся вывучэннем серыі кніг доктара медыцынскіх навук С.С. Канавалава «Кніга, якая лечыць».
На жыццёвым шляху яны пакінулі добрыя сляды, і візіт пашаны ў добрую сям’ю — гэтаму пацвярджэнне.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: Віктар Іванавіч і Ірына Іларыёнаўна Варахобавы.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *