Давайце, людзі, не забудзем!

Актуальное

Было даўно, было не з намі — гэта пра вайну. Але мы схіляем галовы перад памяццю аб вялікім подзвігу тых, хто адбіраў у фашысцкіх рабаўнікоў кожны шматок нашай роднай зямлі. 70 год таму ўжо тыдзень ішла Гарадоцкая наступальная аперацыя, у ходзе­ якой былі вызвалены буйныя населеныя пункты і чыгуначныя станцыі нашага раёна Езярышча і Бычыха. Менавіта тут 12 і 13 снежня прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя вызваленню. Мітынгі ля памятных знакаў, на святых для кожнага мясцовага жыхара месцах, шанаванне ветэранаў, тэматычныя канцэртныя праграмы, урокі мужнасці ў школах — гэта мерапрыемствы, што выклікаюць змешаныя пачуцці ад радасці за перамогу да горычы ад вялізных страт…
Да ўсіх воінскіх пахаванняў, што знаходзяцца на тэрыторыі Бычыхінскага сельсавета і Езярышчанскага пассавета былі ўскладзены вя70 letнкі: «Спіце спакойна, нашы дарагія мужныя мужчыны. Вы выканалі свой абавязак перад Радзімай да канца. Дзякуй за тое, што мы ёсць. Колькі будзем жыць — будзем помніць і перададзім гэтую памяць нашчадкам». Такая думка чырвонай ніццю праходзіла праз выступленні прадстаўнікоў улады і грамадскасці, білася ў вісках школьні­каў і дарослых, што прыйшлі пакланіцца салдацкім абеліскам.
У Бычысе мітынг адбыўся ля магілы Героя Савецкага Саюза Івана Мікалаевіча Антонава. Яму было ўсяго трыццаць год, а ён ужо быў камандзірам танкавай роты 117-й Унецкай танкавай брыгады 1-га танкавага корпуса. Рота капітана Антонава першай уварвалася ў в. Быкі, размясцілася ў засадзе і прыняла няроўны бой супраць 15-ці танкаў і 10-ці самаходных гармат пры падтрымцы супрацьтанкавай артылерыі ворага. Большасць нашых танкаў гарэла, і толькі два, на чале з камандзірам, працягвалі бой. Загінулі байцы з экі­пажа Антонава, а ён,70 let-1 паранены, выбраўся з палаючай машыны і з кулямётам заняў абарону ля дарогі. Літаральна на гэтым месцы і стаіць абеліск герою (на здымку).
Час бязлітасна вырывае з жыцця ветэранаў. Але тыя з іх, хто яшчэ жывыя, з апошніх сіл ідуць на паклон да салдацкіх магіл. Яны — людзі-легенды, на шматлікія ўзнагароды якіх з глыбокай павагай глядзіць моладзь. Менавіта гэта чыталася ў поглядах на Р.Д. Бацюлёва і А.В. Аляксеенку (на здымку), 70 let-2што займалі пачэсны першы рад падчас канцэрта ў Езярышчы. Была тут і вязень Асвенцыма М.М. Леснічэнка. Надзвычай уважліва слухалі прысутныя апавяданне настаўніцы гісторыі Езярышчанскай СШ Л.І. Нікіфаравай — апантанай краязнаўцы, што на працягу доўгіх год па крупіцах збірала звесткі пра вайну ў гэтых мясцінах, вяла перапіску з вызваліцелямі Езярышча і іх сем’ямі. У прыватнасці, Ларыса Іванаўна ўзгадала расказаную ёй Шарыфам Рахімавым гісторыю пра подзвіг на высаце № 108,9, якую тры дні ўтрымліваў батальён, дзе ён ваяваў. Пакуль падаспела дапамога, у жывых засталося чатыры байцы, адным з якіх і быў Шарыф…
Да апошніх трох ветэранаў, што жывуць на тэрыторыі Бычыхінскага сельсавета, у святочны дзень накіравалася цэлая дэлегацыя. Старшыня сельвыканкама Н.Г. Ахадаў уручыў ім падарункі, зробленыя з дапамогай мясцовых прадпрымальнікаў, салют пашаны аддалі піянеры, а педагог-арганізатар Бычыхінскай СШ С.П. Бронская нагадала, што па першаму клічу школа гатовая прыйсці на дапамогу.
Паэты і кампазітары пад уплывам ваенных падзей складалі творы, якія і цяпер не губляюць сваёй актуальнасці, блізкія і зразумелыя кожнаму, у кім ёсць душа і спагада. Таму канцэртныя праграмы, падрыхтаваныя культработнікамі і ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці тутэйшых устаноў культуры і школ, да слёз краналі гледачоў. А якое замілаванне  выклікалі бесклапотныя танцы і спевы цяперашніх дзяцей! Многія з тых, хто склаў галовы ў заснежаных палях Гарадоччыны, не мелі сваіх дзяцей, так і не сталі бацькамі. Ды ўсё ж мы — іх нашчадкі, іх дзеці, якім назаўсёды берагчы Памяць і рабіць прыгажэйшай Радзіму.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
  На здымку: удзельнікі святочнага канцэрта ў Езярышчанскім Доме культуры.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *