Электраманцёры закасваюць рукавы

Актуальное

  На працягу 2 снежня моцныя парывы ветру абарвалі дзевяць высакавольтных (10 кВ) паветраных ліній электраперадачы. Менавіта такія лініі забяспечваюць электрычнасцю найбольшую колькасць населеных пунктаў. Таму на пэўны час абясточанымі аказалася 51 вёска ў раёне Мяжы, Езярышча, Селішча, Ка­бішча, Дубрава, Хмельніка. Гэта стала непрыемным сюрпрызам для іх жыхароў і падставай для вялікай нагрузкі на супрацоўнікаў Гарадоцкага раёна электрасетак філіяла «Віцебскія электрасеткі».elektriki
Першае тэлефанаванне аб парушэнні электразабеспячэння паступіла ў дыспетчарскую службу прадпрыемства ўжо ў шэсць гадзін раніцы. На працягу дня тэлефон не змаўкаў, былі тэлефанаванні і ў райвыканкам. Не стрымліваючы эмоцый, абураліся жыхары райцэнтра, у жыллё якіх прыпынілася падача электратоку.
Між тым, сем рамонтных аператыўна-выяздных брыгад агульнай колькасцю 36 чалавек ухілялі парывы паветраных ліній з рання да дзесяці гадзін вечара. З агульным аб’ёмам работ справіліся да апоўдня 3 снежня. Ці заслугоўвае такая напружаная работа электраманцёраў абвінавачванняў у бяздзейнасці?
— У адпаведнасці з абгрунтаванай інструкцыяй найперш мы павінны працаваць на высакавольтных лініях, — тлумачыць галоўны інжынер раёна электрасетак А.М. Талкачоў. — Ад іх засілкоўваюцца нізкавольтныя (0,4 кВ) лініі, па якіх у сваю чаргу ток паступае непасрэдна да спажыўцоў. Так, усе электраманцёры былі занятыя на раёне, і па меры ўхілення аварый на «высакавольтцы» яны пераязджалі для работы на менш важныя ўчасткі. Перарыў бытавога электразабеспячэння па нормах дапушчальны на працягу 24 гадзін, і электрыкі захавалі гэтыя нормы.
У раёне Вялікага Лосвіда аварыя была значная: дрэвы, што не вытрымалі парываў ветру, пападалі на лініі электраперадачы і павалілі апоры, правады абарваліся ў некалькіх пралётах. Такая з’ява — не рэдкасць, хаця для аўтаматычнага адключэння лініі ад электразабеспячэння дастаткова схвоствання правадоў, што здараецца значна часцей.
Да зручнага чалавек прывыкае хутка і не заўважае тых даброт, якімі карыстаецца штодня. Але варта ім знікнуць, здаецца, і жыццё замарожваецца. Гэта асабліва актуальна для тых, хто перайшоў на газавае ацяпленне і пазбавіўся печак. Таму, калі вы рашылі правесці ў дом прыродны газ, не спяшайцеся разбураць і печ — магчыма, спатрэбіцца. Не залішнім было б мець у доме і звычайныя свечкі ці ліхтары: калі прападзе святло, хоць яны дазволяць без траўмаў перасоўвацца ў прасторы.
Яшчэ жывы ў памяці снежны ўраган «Хаўер», што праляцеў па Беларусі 15 сакавіка, а ўжо 5 снежня нам абяцалі візіт магутнага паўночнаатлантычнага цыклона «Хавер». Ён, праўда, аслабеў па дарозе, і шкоды не нарабіў, але надвор’е непрадказальнае, як і наступствы ад яго сюрпрызаў.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: дыспетчар Дзмітрый Павядзёнак і майстар Аляксей Варахобаў у дыспетчарскай, дзе знаходзіцца мнемасхема электразабеспячэння ўсяго Гарадоцкага раёна.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *