Каравай — сімвал шчасця

Актуальное

  Удзельнікі фальклорнага гурта Кабішчанскага СДК (дырэктар Таццяна Прышчэпава) аднавілі абрад выпечкі каравая паводле традыцый сваёй мясцовасці. Самадзейныя артысты прадэманстравалі яго падчас выступлення на раённым аглядзе-конкурсе «Абрадавае кола», што доўжыўся на працягу ўсяго года. Мерапрыемства было арганізавана раённым метадычным центрам НТіКАР аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Культработнікі ставілі за мэту найперш адраджэнне і захаванне традыцый рэгіёна, вывучэнне і зберажэнне фальклорнай спадчыны.
Беларускаму народнаму вяселлю ўласцівы выключны феномен — каравай. Працэдура яго прыгатавання, доўгая і складаная, суправаджалася спецыфічнымі рытуальнымі дзеяннямі, багатымі на асацыяцыі славеснымі формамі, вялізнай колькасцю абрадавых песень.
Каравай выпякаўся толькі аднойчы — пры заключэнні першага шлюбу. Калі мужчына або жанчына ўступалі ў шлюб другі раз, рытуальны хлеб не выпякалі, а значыць, і не дзялілі паміж членамі роду. Ніколі не запрашалі пячы каравай удоў, разведзеных або бяздзетных жанчын — лічылася, што іх нешчаслівы лёс можа адмоўна паўплываць на будучыню маладой сям’і.karavai
Абрад выпечкі каравая для княгіні (так яшчэ называлі нявесту) амаль знік на Паазер’і, але некаторыя звесткі пра яго ўсё ж засталіся. Як успамінае жыхарка в. Вярэчча Н.А. Шаўня, каравай выпякалі хросныя мамкі жаніха і нявесты. Захаваліся і каравайныя песні, якімі суправаджаўся ўвесь працэс:
Хвала табе, Божа,
Каравай мой удаўся.
Хоць ячнае цеста,
А лепіцца ўместа.
Дзяўчонкіна мамка
Усю ночку не спала.
Усю ночку не спала —
Каравай усё качала.
Замешанае ў дзяжы цеста ставілася на кажух. Калі яно падыходзіла, фарміравалі каравай — круглы, як сонца, упрыгожвалі яго «вяровачкамі» ці «касічкамі» з цеста і клалі яго на кляновых лістах. Пакуль адпраўлены на лапаце рытуальны хлеб пёкся, частаваліся і спявалі:
Караваю мой раю,
Я ж цябе прыбіраю,
Каб ніхто не ўкраў
І каб чужому не аддаў.
Прыгатаваны каравай трэба надзейна берагчы да дзялення паміж удзельнікамі вясельнай урачыстасці. Дзяліць яго павінны былі сваты, якія часцей за ўсё былі хроснымі бацькамі маладых. Пры гэтым захоўваўся прынцып парнасці: каравай дзяліла сямейная пара — хросны бацька са сваёй жонкай або хросная маці са сваім мужам. Лічылася, што гэты этап асабліва ўплываў на жыццё маладых.
Цяпер на змену караваю прыйшоў гарадскі торт. А між тым, хлеб сімвалізаваў сабой заканчэнне аднаго і пачатак другога этапа ў жыцці чалавека, пераход з аднаго фізічнага і сацыяльнага стану ў іншы. На вяселлі каравай сведчыў аб заканчэнні юнацтва жаніха і нявесты, аб публічным, радавым прызнанні іх даросласці і згоды старэйшых уключыць іх у асяроддзе правамочных членаў грамадства з абавязковым выкананнем адпаведных «дарослых» функцый.
Каравай — сімвал сямейнага шчасця. Пайсці з вяселля без кавалачка гэтага пачастунка было раўназначна таму, што вы не прымалі ўдзелу ва ўрачыстасці. Каб маладыя адарылі гасцей рытуальным хлебам, тыя прыносілі ім падарункі і «выкупалі» сваю «долю» шчасця. Як правіла, прынесены кавалачак каравая дзялілі паміж тымі, хто не быў на вяселлі.
Саша СЯМЁНАВА.
На здымку: фрагмент абраду выпечкі каравая.
Фота Ліліі РЭЗКІНАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *