Мужык — ён усё вытрывае

Актуальное

  3 снежня, у Гарадоцкім ГДК адбылася прэм’ера спектакля па п’есе Р. Горына «Памінальная малітва». Пастаноўку ажыццявілі выпускнікі тэатральнага аддзялення Дзіцячай школы мастацтваў і артысты народнага драматычнага тэатра пад рэжысёрствам Аляксандра Бязгінава. На дзве з паловай гадзіны гледачы сталі сведкамі жыцця вясковай яўрэйскай сям’і, у якой малочнік Тэўе і ягоная жонка Голда гадуюць семярых дачок.
Яны балансуюцьmolitva на мяжы галечы, і вытрываць усе цяжкасці, што выпадаюць героям, ім дапамагае толькі вера і нессякальны аптымізм, які скразіць у своеасаблівым яўрэйскім гумары. Ім прасякнуты ўвесь спектакль, які дзякуючы выдатнаму тэксту драматурга можна было б разабраць на афарызмы. Чаго вартыя заўвагі накшталт «рукі гладкія — затое язык у мазалях», «выехаў — быў поўны бітон смятаны, а па дарозе палова ўтрэслася», «камусьці трэба быць яўрэем, ужо лепей я, чым вы», «чужое па­дзяліць — невялікая мудрасць, паспрабуй сваё аддаць», «навошта кружыць, як муха ля вакна, калі ёсць фортачка»…
Хаця артысты не прытрымліваліся характэрнага вымаўлення, і часам адчуваўся ўплыў  беларускамоўства, з іх вуснаў гэтыя і іншыя яскравыя фразы гучалі арганічна. Гледачоў не пакідала адчуванне, што яны назіраюць за знаёмымі жыццёвымі замалёўкамі — яны ўласцівыя людзям любой нацыянальнасці. Хіба наша сялянства не нацярпелася ад нястач, несправядлівасці, не шукала паратунку ў малітвах і бясконцай цяжкай працы?
Таму і галоўны герой, Тэўе ці, як яго называюць рускія, Тэўль, нагадваў звычайнага сівабародага мужыка-беларуса. Ён прытрымліваецца традыцый продкаў і штотыдня моліцца за шчасце любай жонкі і дачок, гатовы прыйсці на выручку юнаку-сіраце, паважае ўлады ў асобе мясцовага ўрадніка, у згодзе жыве з сусе­дзямі, шкадуе свайго каня, а таму запрагаецца замест яго ў аглоблі. За ўсё пакутуе ягонае мудрае сэрца. Пачуцці і надзеі дарослага чалавека, нягледзячы на свой юны ўзрост, на дзіва пераканаўча змог перадаць сваёй ігрой Аляксандр Ніканенка. Колькі можа вытрываць просты чалавек? Паводле трактоўкі Аляксандра, што стварыў збіральны вобраз мужыка, — усё, і пры гэтым не згубіць сябе.
Вочы ці не ўсіх жанчын-глядачак сталі вільготнымі ад слёз падчас сцэны, калі занямоглая жонка Тэўе, Голда (Марыя Юрэвіч) — раней вынаходлівая да хітрасці — у думках, мацярынскай малітвай, горача дапамагае сваёй старэйшай дачцэ нараджаць дзіця і сама памірае. Па праўдзе, адзінае жаданне ўсіх маці Зямлі — шчасце іх дзяцей.mirosh
Немагчыма не ўзгадаць юнацкую шчырасць, з якой перажылі пачуцці героеў Перчыка і Цэйтл Ганна Якаўлева і Кацярына Нечытайла. Чаго былі вартыя трывожныя вочы Каці, якія нават у прыцемках сцэны ззялі закаханымі зоркамі! А хіба можна аднесці да ролі другога плана ролю авантурыста Менахема ў выкананні Паўла Міраша (на здымку)? Ад кожнага яго з’яўлення на сцэне зала чакала чарговых «цырліхаў-манірліхаў» — і юнак іх шчодра выдаваў.
Ніколькі не стаміла доўгае сядзенне ў крэслах, заварожвала пранікнёная музыка, якой быў напоўнены спектакль, выразнай была сцэнаграфія, патрэбны настрой стваралі заўзятыя танцы. Не замі­нала ўспрыманню тое, што некаторыя з мужчынскіх роляў ігралі дзяўчаты — у самадзейнасці адчуваецца недахоп мужчын. Ніякай «сырасці», замінак, недавучаных слоў: Аляксандр Бязгінаў і ягоная трупа спрацавалі на славу. Акрамя слоў падзякі і захаплення хлопцам і дзяўчатам сказаць няма чаго. Шкада толькі, што небагата гараджан паглядзелі «Памінальную малітву». Нас, абывацеляў, надта сапсавала даступнасць тэлебачання і ўласная лянота. Так, прапанаваны творчай моладдзю Гарадка спектакль не адносіцца да разраду лёгкага чытва. Але тым ён і больш каштоўны, што прадаставіў магчымасць жывых зносін, зачапіў, усхваляваў, стаў падзеяй у культурным жыцці горада. Не прапусціце яго наступны паказ!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: сцэна сямейнай малітвы.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *