Няхай не гасне творчасці ліхтар!

Актуальное Культура

  Як арганізаваць і разнастаіць вольны час сельскіх жыхароў, добра ведаюць у Пальмінскім СДК.
— Для гэтага ў першую чаргу неабходныя энергія, фантазія і энтузіязм культработнікаў, гатовых радаваць сваю публіку канцэртамі і выступленнямі, весці гурткі для дзяцей і дарослых, далучаючы ўсіх жадаючых да творчасці… — лічыць Валянціна Гарунова, дырэктар сельскага Дома культуры ў Пальмінцы.sdk
Цікава , што па адукацыі яна не работнік культуры, а тэхнік-механік.
— Але, колькі сябе памятаю, душа заўсёды прагла прыгажосці, — усміхаецца суразмоўца.
У дзяцінстве яна з задавальненнем хадзіла вучыцца граць на баяне, была актыўнай удзельніцай мастацкай сама­дзейнасці, са школы выступала ў якасці вядучай многіх сельскіх святаў. Вось так і склалася, што любімае захапленне стала прафесіяй.
Сёння пры СДК дзейнічае некалькі гурткоў: вакальны, танцавальны, тэатральны і інш. Па пятніцах і суботах для мясцовай моладзі ла­дзяць забаўляльныя праграмы, з танцамі ды конкурсамі. Вось бы яшчэ малых на іх прыходзіла болей!..
Як не расказаць пра выдатнае аматарскае аб’яднанне «Сладушка» (кіраўнік Ніна Кузьмянкова) пры СДК! Асноўны, але не адзіны напрамак, якім цікавяцца члены аб’яднання, — гэта кулінарыя.
— Кожны можа прыйсці ў «Сладушку», каб падзяліцца цікавымі фірменнымі рэцэптамі (як вядома, ва ўсякай гаспадыні знойдзецца свой «козыр» на стале), а яшчэ, каб паспяваць ці проста пагутарыць, — тлумачыць В. Гарунова.
Сярод рэцэптаў, якія беражліва, ужо як гісторыя, захоўваюцца «Сладушкай» ёсць і рэцэпты ваеннай пары, напрыклад, аладкі са сніткі.
— І дарослыя, і пальмінская моладзь цікавяцца беларускімі нацыянальнымі традыцыямі, культурай. Хоць і кажуць, што інтэрнэт сёння замяніў усё, але ж не пачуеш у ім легенды і паданні нашай мясцовасці, не запішаш як за бабуляй-суседкай старыя прыпеўкі… — разважае Валянціна Уладзіміраўна. І прызнаецца, што галоўная, на яе погляд, праблема, якая стаіць перад сельскім культурна-масавым сектарам — кадравая.
— Не так даўно да нас прыйшлі Дзмітрый Булдакоў (сёння ён — намеснік дырэктара СДК, а заадно і гукарэжысёр), а таксама мастацкі кіраўнік Наталля Баброва. А вось харэограф Аляксандра Марчук, наадварот, з’ехала вучыцца ва ўніверсітэт. Аляксандра ставіла старадаўнія польскія, беларускія, латышскія танцы, і людзям гэта было цікава. Зараз актыўна шукаем баяніста: нашы канцэртнікі вельмі жадаюць выступаць пад жывы акампанемент баяна. Увогуле, творчыя людзі нам патрэбныя. Прыходзьце — будзем радыя! — запрашае Валянці­на Гарунова.
Напрыканцы разам з ёй, а яшчэ Н. Кузьмянковай і Д. Булдаковым я пабывала ў выставачнай зале Пальмінскага СДК, каб паглядзець на пастаянную экспазіцыю «Беларуская хатка». На ёй, літаральна з міру па нітцы, сабраны аўтэнтычныя экспанаты побыту нашых дзядоў і прадзедаў — ад старадаўніх рушнікоў і калаўрота да пячных чыгункоў і  газавага ліхтара.
Ганна НАВУМАВА.
На здымку: В. Гарунова, Н. Кузьмянкова,  Д. Булдакоў.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *