Перад памяццю продкаў

Актуальное

  Абменныя экскурсіі з удзелам навучэнцаў ГДАТК і ваенна­служачых тэрміновай ваеннай службы в/ч 94017 адбыліся на мінулым тыдні. Хлопцы з каледжа даведаліся пра гісторыю часці, яе прызначэнне, азнаёміліся з салдацкім бытам, пас­прабавалі разбіраць і збіраць вучэбную зброю (на здымку). Вайскоўцы пабывалі ў музеі навучальнай установы, дзе найбольшую іх цікавасць выклікалі расказы і экспанаты, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.razbor avtomata
Гітлераўскі акупацыйны рэжым прадугледжваў планамернае знішчэнне людзей. У лагеры на тэрыторыі сельскагаспадарчага тэхнікума налічвалася да 500 ваеннапалонных. Немцы не кармілі іх; людзі харчаваліся тым, што перадавалі жыхары горада. Памерлых закопвалі ў двары тэхнікума. Вясной 1942 г. некалькі чалавек уцяклі з лагера. Безумоўна, ім дапамаглі гараджане, хутчэй за ўсё работнікі тэхнікума, чые дамы размяшчаліся побач. Палонныя перасеклі поле і скрыліся ў бары, які пачынаўся адразу за вучэбнай гаспадаркай тэхнікума і называўся Разыграем. Стары лес надзейна схаваў уцекачоў. Раззлаваныя гітлераўцы расстралялі кожнага пятага з застаўшыхся ваеннапалонных. Хутка лагер перастаў існаваць. Справу знішчэння лю­дзей давяршыў голад і хваробы (па матэрыялах кнігі «Памяць. Гарадоцкі раён», — аўт.).
Хто зараз падлічыць, колькі даваенных выпускнікоў тагачаснага тэхнікума прайшлі дарогамі вайны? Сярод іх быў і ўраджэнец Крычаўшчыны Аляксей Гуменнікаў. Яшчэ да вайны ён скончыў Мелітопальскае ваеннае авіяцыйнае вучылішча і стаў штурманам экіпажа пікіруючага бамбардыроўшчыка Пе-2. 13 ліпеня 1941 г., разбамбіўшы групу нямецкіх танкаў, самалёт лейтэнанта А. Жука, у экіпажы якога лётаў Аляксей, павярнуў да свайго аэрадрома. Курс ляжаў правей за Крычаў, пад крыламі бамбардыроўшчыка былі родныя мясціны Аляксея, вёска, дзе ён вырас, — Бель Першая. Над ёю кружылі тры фашысцкія Юнкерсы Ю-88. Экіпаж савецкага самалёта прыняў бой з імі. Два варожых бамбардыроўшчыкі былі падбіты кулямётным агнём. Але ў «нашых» скончыліся патроны. Яны вырашылі ісці на таран трэцяга самалёта. Аляксей выскачыў з палаючай машыны, калі ўжо пяць варожых самалётаў расстрэльвалі яго Пе-2. За паветраным боем назіралі аднавяскоўцы А. Гуменнікава, яго бацькі, якія і не падазравалі, што на іх вачах ваюе іх сын… Целы адважных лётчыкаў знайшлі мясцовыя жыхары. У Аляксандра Жука не абгарэлі толькі рукі, імі ён і пасля смерці сціскаў штурвал. На целе Аляксея налічылі 11 кулявых раненняў — ворагі расстралялі яго, калі ён спускаўся на парашуце. А 17 ліпеня ў хату Гуменнікавых уварваліся эсэсаўцы. Да беспрытомнасці яны збілі бацьку героя, але той запомніў, як перакладчык сказаў: «Твой сын і яго таварышы знішчылі многа нашых танкаў і збілі лепшага лётчыка Германіі, якога ўзнагароджваў сам Фюрэр»… Толькі ў 2005 годзе дачка Аляксея Гуменнікава атрымала бацькоўскі ордэн Аляксандра Неўскага.
Хлопцы і мужчыны, якія раптоўна, з пачаткам вайны, сталі воінамі, мелі мірныя прафесіі і планавалі стваральную працу. Аднак кожнаму давялося ўзяць у рукі зброю і пайсці ваяваць, каму колькі выпала — дзень, месяц, год, чатыры гады. Мяркуючы па тым, што Чырвоная Армія перамагла, яе салдаты былі гатовыя да абароны — маральна, фізічна, мелі навыкі ў ваенных прафесіях. Традыцыя выхоўваць моладзь такім жа чынам захоўваецца ў нашай краіне на працягу дзесяцігоддзяў. Каб стаць сапраўднымі мужчынамі, юнакі займаюцца фізкультурай і спортам, гартуюцца, цікавяцца ваеннай гісторыяй, не ўвільваюць ад службы ў арміі, рыхтуюць сябе да абароны Радзімы. Ім не будзе сорамна перад памяццю слаўных продкаў. Прымаючы Ваенную прысягу, аднойчы і назаўсёды яны становяцца пад сцягі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, далучаюцца да магутнага армейскага брацтва.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *