Спявалі голасам і сэрцам

Актуальное

Фінальны канцэрт раённага агляду-конкурсу «Песні юнацтва нашых бацькоў» адбыўся на сцэне Гарадоцкага ГДК у нядзелю, 15 снежня. Паслухаць спевы канкурсантаў, падтрымаць іх сабралася многа гледачоў, і спевакі не расчаравалі сваіх прыхільнікаў. Конкурс прайшоў на добрым узроўні, кожны яго ўдзельнік — і маладыя ва ўзросце ад 16 да 31 года, і больш сталыя выканаўцы — спяваў песні ваенна-патрыятычнага зместу і шлягеры мінулых год не толькі голасам, але і сэрцам.
pesniЛепшыя, якіх абірала журы пад старшынствам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н.Л. Гамзюк, былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі. Ва ўзроставай катэгорыі старэй за 31 год перамаглі Наталля Дземідзенка, што працуе на ААТ «Птушкафабрыка Гарадок» (3-е месца), супрацоўнік РАНС Аляксандр Якаўлеў (2-е месца), Віталіна Бражнік, доктар Пальмінскай амбулаторыі  (1-е месца).
У катэгорыі «групы» другое месца падзялілі вакальны ансамбль «Очарование» Вархоўскага СДК і квартэт «Мікс» Цэнтра дзяцей і моладзі. Першае месца было аддадзена трыа ГДАТК (на здымку), юнакі-ўдзельнікі якога скарылі залу выкананнем вядомых меладычных песень «Белоруссия» за аўтарствам М. Дабранравава і А. Пахмутавай і «Александрына» на словы П. Броўкі і музыку Л. Вольскага.pesni-1
Найбольшую цікаўнасць і спрэчкі журы выклікалі выступленні маладых салі­стаў. У выніку была адзначана зладжанасць дуэта Гарадоцкага ГДК у складзе Вікторыі Дзмітрыевай і Аляксандра Лаўрэнава. Трэцяе месца падзялілі Канстанцін Юрзоў (Езярышчанскі ДК) і Дзмітрый Булдакоў (Пальмінскі СДК), другое — Крысціна Безручук (ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі) і Лідзія Кавалёва (Бычыхінскі СДК). Спевы, набліжаныя да прафесійных, прадэманстравалі Анастасія Давыдава (ЦДзіМ) і Алеся Грыбалёва (Верамееўскі СДК), якія і падзялілі паміж сабой першае месца.
Лепшым належыць абараняць гонар Гарадоцкага раёна цяпер ужо на абласным узроўні падчас правядзення наступнага тура агляду-конкурсу «Песні юнацтва нашых бацькоў». Аддзячаны ж за ўдзел у конкурсе, прысвечаным 70-годдзю вызвалення нашага раёна, былі ўсе — і падарункамі, і шчырымі апладысментамі.
Гледачы разыходзіліся з мерапрыемства з розным настроем. Большасць — з добрым, але былі і тыя, хто лічыў, што іхніх любімцаў недаацанілі. Але варта патлумачыць, што артыст на сцэне — гэта спалучэнне шэрагу якасцей, першае з якіх — голас, уменне валодаць ім, каб перадаваць настрой і адценні твору. Некаторыя крыху памыліліся з рэпертуарам, з выбарам фанаграмы, групы недапрацавалі з раскладаннем мелодыі на партыі, іншым замінала псіхалагічная заціснутасць. Артыстызму было не займаць А. Якаўлеву, Л. Кавалёвай, Д. Булдакову. А якой падтрымкай К. Безручук стала яркая, зладжаная падтанцоўка! Каледж паклапаціўся і аб букеце для яе, сваёй удзельні­цы. Кветкі прыпаднеслі і спявачкам з птушкафабрыкі. Дарэчы, рэдакцыя аформіла для адной з іх, Наталлі Залатой, падпіску на першы квартал будучага года — за шчырасць выканання.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: Наталля Гамзюк віншуе з перамогай Анастасію Давыдаву.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *