-БЛАГАДАЦЬ! —

Актуальное

праз хвіліну пасля акунання ў хрышчэнскую іардань выдыхаў практычна кожны з тых, хто рашыўся на такі ўчынак. Мароз трашчаў, набліжаючыся да адзнакі ў 15 градусаў, вырываючы клубы пары ад дыхання. Людзі ж, распранутыя,  басанож ішлі, каб, перахрысціўшыся, тройчы пагрузіцца ў купель. А пасля сцвярджалі, што быццам у парыльні пабывалі, што па целах бегаюць дрыжыкі прыемных агеньчыкаў.kupel
Кожны прыходзіць да купелі па сваіх перакананнях. З размовы з іерэем Уладзімірам Дагодзькам карэспандэнт зрабіла выснову, што калі не прывязваць купанне да язычніцкіх вераванняў, у ім няма нічога дрэннага. Дазваляе здароўе — няхай людзі акунаюцца, але ці варта шукаць у гэтым духоўны сэнс? Яго мае хрышчэнская вада, але яе можна і кроплю выпіць, і акрапіць сябе. Не варта думаць, што той, хто скупаўся, атрымае больш благадаці, чым той, хто выпіў глыток. Калі ж хрышчэнскае купанне служыць прыступкай да таго, каб праз пэўны час сустракаць свята Багаяўлення па-хрысціянску, па-сапраўднаму, яго трэба вітаць.kupel-1
— Упершыню я скупаўся ў ледзяной вадзе на Байкале ў 1975 годзе, — расказвае падпалкоўнік запасу, сакратар РГА «Беларускі саюз афіцэраў» Барыс Пятровіч Раманаў. — Гэта здарылася 21 студзеня, і папярэдні­чала таму маржаванню спрэчка. Цяпер штогод ныраю ў іардань зусім па іншых матывах, набліжаных да духоўных пошукаў, пацвярджаю моц свайго духа і цела.
— Сёмы год купаюся на Хрышчэнне, — бадзёрыцца перад пагружэннем у купель малады гарадакчанін Арцём. — Кожны раз, як першы. Сцю­дзёнка сціскае, як абручамі, дыханне перахоплі­вае, але памаліўся, перахрысціўся — і лягчэй становіцца. А потым з’яўляецца адчуванне новага нараджэння, радасці, шчасная ўсмешка не зыходзіць з вуснаў.
Купанне на Вадохрышча для многіх не проста даніна модзе ці экстрэмальны спорт. Менавіта пасля асвячэння святаром вады ў купелях, зробленых у форме крыжа на прыродных вадаёмах, 19 студзеня прыязджаюць да іх цэлымі сем’ямі. Год ад года колькасць купальшчыкаў становіцца большай — хтосьці верыць у гаючую сілу хрышчэнскай вады, іншыя такім чынам далучаюцца для асобага спосабу святкавання. Галоўнае, што яны шукаюць нешта важнае ў сваіх душах, і не горшае са знойдзенага запамінаецца і праяўляецца.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымках: святкаванне Хрышчэння ў вайсковай часці.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *