Не кахаючы, не пажывеш

Актуальное

  Сваё вяселле Павел Нікіфаравіч і Раіса Мітрафанаўна Ціханковы (на здымку) сыгралі 20 снежня 1958 года. Яму папярэднічала сустрэча, калі маладая навучэнка Віцебскага ветэрынарнага тэхнікума Рая паднімала лён паблізу ад  Віраўлі. Пасля было чаканне салдата Пашы са службы. Тры гады і два месяцы ляцелі лісты закаханых з Беларусі ў Азербайджан і аддтуль. Яшчэ год спатканняў — і яны злучыліся на ўсё жыццё: месяц таму Ціханковы ў акружэнні дзяцей, унукаў, праўнукаў адзначылі ізумруднае вяселле, 55 год сумеснага жыцця.cihankovy
— Мы і надалей будзем разам, — не сумняваецца Павел Нікіфаравіч, — гулялі ж тады як належыць, замацоўваючы дружнае «Горка!» хлебнай самагонкай, заўзята танцуючы пад звонкі гармонік. Танцы былі — любата, адна «Кадрыля» з чатырох каленаў чаго была вартая! Цяпер збяруцца і топчуцца на адным месцы, а тады ў танцы дзяўчыну за руку ўзяць, прыабняць — ох, трапяткія адчуванні…
Заручальныя кольцы ні колішнія маладыя, ні пасталелыя муж і жонка не набылі. Яны ўпэўнены, што не гэтыя ўпрыгожванні ўтрымліваюць лю­дзей разам. Павел прывёў Раісу да маці, у хацінку, перабудаваную з лазні. Пазней самруч зрубіў новую хату ў Кіраёве, а праз некаторы час яны, купіўшы дом, пераехалі ў Шчотнікі. Тут у пачатковую школу хадзілі іх трое дзяцей, гадаваліся і вучыліся ў бацькоў працалюбству, павазе адзін да аднаго, адказнасці, гатоўнасці падтрымаць у любой жыццёвай сітуацыі.
Раіса Мітрафанаўна і Павел Нікіфаравіч жылі найперш для людзей. Жонка некаторы час працавала даяркай, а пасля 36 гадоў разносіла пошту.
— Былі часы, калі на абслугоўваемым мной участку выпісвалі па 50 экзэмпляраў «Праўды», амаль столькі ж — «Известий», 101 «Прамень камунізму», — успамінае яна. — А пятай гадзіне раніцы беглі на пошту, каб рассарціраваць, раскласці, раненька аднесці карэспандэнцыю ды газеты. У той час паўсюдна праводзіліся палітінфармацыі, і адказным трэба было падрыхтавацца да іх, расказаць апошнія навіны падначаленым.
Літаральна кожны з сарака двух год ударнай працы Паўла Нікіфаравіча (а быў ён і трактарыстам, і шафёрам, і кавалём, і камбайнёрам) адзначаны заахвочваннямі — ад Ганаровых грамат праўлення калгаса да бронзавага медаля ВДНГ «За поспехі ў народнай гаспадарцы СССР», ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і «Знак Пашаны». Якая высокаякасная праца была вартая такіх узнагарод, можна здагадацца, а нястомны працаўнік сказаў аб ёй так:
— Працавалі, як падказвала сумленне. Горш не ўмелі. Як работу сваю не любіш — працаваць добра не будзеш. Калі чалавека не любіш — жыць з ім не станеш.
Сямейнае жыццё Ціханковых таксама было запоўнена працай. Ім некалі было высвятляць, хто з іх галава, усё рабілі разам, параіўшыся, дапамагаючы. У свой час трымалі карову, а то і дзве, статак авец, свіней, кур. Аднымі з першых у акрузе ў свой час купілі матацыкл, пазней — машыну, і цяпер гаспадар валодае трактарам. Дагэтуль Нікіфаравіч займаецца пчалярствам, а апошнім часам знайшоў новы занятак рукам, стаў шыць буркі — лёгенькія, прыгожыя, у самы раз тупаць да аўталаўкі ці завіхацца ля хаты.
Ціханковы чакаюць вясны, каб зноў акунуцца ў вір штодзённых клопатаў на гародзе. Хваробам не паддаюцца, будуюць планы тое-сёе рамантаваць, сустракаць праўнукаў, рабіць нарыхтоўкі на наступную зіму. Ні раздражнення, што «многа работы», ні скаргаў, маўляў, «мала нас аддзячылі» — нават дзіўна, што ўсім задаволены. Сакрэт, мабыць, у тым, што прывыклі болей аддаваць, чым браць, знаходзіць радасць у служэнні лю­дзям. Такое аднадумства дазваляе ім доўга і годна ісці па жыцці поплеч, у прыклад іншым.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *