Завітайце ў Мяжу!

Актуальное

  — Паглядзіце, якое возера, якая прырода вакол, — запрашае Людміла Максімаўна Рудакова (на здымку).
  Яе аграсядзіба ў Мяжы стаіць на беразе, ля самай вады. Абапал — стромкі сасоннік, і гарэзлівыя рыжыя вавёркі скачуць з хваёвых галін прама ў двор. Дзе яшчэ такое ўбачыш? А калі ўзняць галаву, можна заўважыць дзятлаў, якія адбіваюць рытм прыгожай песні лесу.
meza Для турыстаў, непатрабавальных, гатовых задаволіцца бытавым мінімумам, для якіх галоўнае — дакрануцца да прыроды, адчуць сябе яе часткай, а яшчэ для аматараў-рыбаловаў тут самае прыдатнае месца. Вось такія дзесяцікілаграмовыя шчупакі (на здымку) водзяцца ў глыбінях Мяжанскага возера. Гэты волат быў спайманы мінулым летам на сярэдзіне возера з лодкі, якую ледзьве не перакуліў.
Як 72-гадовая Людміла Максімаўна, былая настаўніца Мяжанскай школы, вырашыла заняцца агратурызмам?meza 1 Да яе заўсёды прыязджае шмат родных. Сын Вячаслаў, галоўны энергетык гіпермаркета «Карона»,  дачка Алена, інжэнер Віцебскага завода заточных станкоў. На бабуліны аладкі і варэнне часта збіраюцца ўнукі: Маша, студэнтка мастацка-графічнага факультэта, васьмікласнік Святаслаў, пяцігадовы Максім. А месца ў хаце і ў надворных жылых пабудовах усё адно шмат. Вось і падумала Людміла Максімаўна, чаму б не здаваць лішнія пакоі? А  ягад-грыбоў у лесе, рыбы ў рацэ, сонца, свежага паветра хопіць на ўсіх.
— Калі мне тэлефануюць турысты, большасць з іх першым чынам пытаецца, ці ёсць у доме выгоды, — кажа мая суразмоўца, — а я век пражыла без іх, дзяцей выгадавала, вывучыла. Праўда, цяпер іншы час, вось і вырашыла для сябе і для людзей, якіх буду прымаць, зрабіць выгоды.
Калі мы ўсёй сям’ёй прыдумвалі тэкст аб’явы для турыстаў, хацелі, каб ён не ўводзіў людзей у зман і адлюстроўваў, што ў нас усё сціпла. Нават жартавалі: «Бабуля Яга разам з унукамі здае домікі на курыных ножках».
Пачаставаць гасцей у Людмілы Максімаўны заўсёды ёсць чым. Хоць гаспадарку яна не трымае, але агарод садзіць, ды і кожны куточак лесу ёй знаёмы,  часта ходзіць туды з кошыкам. Яна робіць шмат хатніх нарыхтовак. Грыбочкі салёныя, сушоныя, варэнне розных гатункаў, салаты — усё гэта, нібы на самабранцы, з’яўляецца на стале. А сярод страў зной­дзе сваё месца букецік садовых кветак, якія Людміла Максімаўна вырасціла сама. Летам яе хату акаляюць цыніі, лілеі і іншыя «красуні». Гаспадыня вельмі пра іх клапоціцца.  Зімой на падваконніках зелянее расада кветак, якія ў сакавіку-маі Людміла Максімаўна высадзіць на вуліцу, як першае прывітанне вясне.
Турыстам, якія хацелі б не толькі адпачыць і навудзіць рыбы, але і дазнацца пра мінулае краю, фальклор, гаспадыня аграсядзібы можа распавесці шмат гісторый, легенд, паданняў ды і паказаць многа цікавага. Далёка хадзіць не трэба. Прама за яе хатай узвышаюцца сівыя курганы — археалагічныя помнікі далёкіх стагоддзяў. Што хаваюць яны ў сабе, дакладна нікому не вядома. Да іх прыязджалі чорныя капацелі ў пошуках скарбаў, ля іх праводзілі заняткі па гісторыі, экскурсіі для школьнікаў. Магчыма, курганы засталіся ад старажытных славян, а ёсць і версія сярод мясцовага насельніцтва, што ў іх пахаваны салдаты арміі Напалеона.
У загадкавым і прыгожым месцы стаіць аграсядзіба Людмілы Рудаковай: з аднаго боку да яе падступае возера, з другога  — лес, з трэццяга — курганы. Вада дае ўсяму пачатак, дрэвы — апору, аснову, а насып усё хавае… Адвечнае кола жыцця.
Кацярына ПУЧКОВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *