Адзін з «Суседзяў»

Актуальное

  Здараецца, сімпатыі людзей на працягу жыцця мяняюцца, пад уплывам абставін многія не даюць праяўляцца сваім творчым здольнасцям. Склад народнага ансамбля песні і музыкі «Суседзі» Даўгапольскага СДК таксама мяняўся. Аднак на працягу многіх год верным гэтаму калектыву застаецца Пётр Пятровіч Купрэеў (на здымку). Спявачкі-паплечніцы вельмі цэняць і паважаюць свайго адзінага ў калектыве мужчыну. Побач з ім яны адчуваюць сябе больш абароненымі і прыгожымі, бо ён і падбадзёрыць, і камплі­мент скажа.Kupreev
Штодня настаўнік працоўнага навучання П.П. Купрэеў спяшаецца на працу ў мясцовую школу. Вучыць рабят працаваць рукамі; любіць апрацоўваць дрэва і рабіць прадметы хатняга ўжытку: палічкі, стульчыкі, лаўкі… Вясковым гаспадыням яны даспадобы. На больш вытанчаныя вырабы, прызнаецца настаўнік, у хлопцаў не хапае цярпення — ім хочацца, каб было і хутка, і грунтоўна. Да дзіцячай памклівасці педагог ставіцца з разуменнем, якому навучыўся за доўгія гады працы ў навучальных установах. Ён выкладаў гісторыю, а на Аршаншчыне на працягу 13 гадоў быў дырэктарам школы.
Спяваць жа на сцэне пачаў яшчэ ў 80-я, жывучы ў Стадолішчы. З тае пары, лічы што, са сцэны не сыходзіў. Пётр Пятровіч выступае і ў тэатральным жанры, аднак аддае перавагу менавіта песні.
— Маім лепшым сябрам і аднадумцам быў Генадзь Міхайлавіч Кірноз, — расказвае субяседнік. — Шырокай душы быў чалавек, нікому не адмаўляў у дапамозе, шчодра дзяліўся сваім талентам, выступаючы перад  сяльчанамі. І цяпер даўгапольцы ўспамінаюць яго ўдзячным словам — ёсць за што.
Не толькі аднавяскоўцы — жыхары многіх населеных пунктаў Гарадоччыны апладзіравалі «Суседзям», а летась яны бралі ўдзел у тэлевізійным творчым праекце «Зорны шлях», які ладзіўся на тэлеканале «Скіф».
— Перад чужымі выступаць лягчэй, чым перад знаёмымі, — адзначае Пётр Пятровіч. — Сваім пастаянным слухачам мы, можа, і надакучылі ўжо крыху, — жартуе ён. — Што за цікавасць пляскаць у далоні суседу ці сваяку, якога ведаеш, як аблупленага? Таямніцы не хапае.
Такая самакрытыка, здаецца, неабгрунтаваная: свае гледачы з цеплынёй і павагай ставяцца да самадзейных артыстаў, якія так хораша спяваюць «Зязюлю-варажбітку», «Бочачку», «Ой, сівы конь бяжыць»… Яны не пакідаюць творчых пошукаў, працуюць над новымі інтэрмедыямі і песнямі, каб чарговы раз настроіць наведвальнікаў канцэртаў на лірычны бо жартаўлівы, але абавязкова добры настрой.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *