Да Марыі — за спагадай

Актуальное

  За культурнае жыццё ў Вялікіх Стайках і навакольных вёсках адказная загадчыца Стайкінскага сельскага клуба-бібліятэкі Марыя Уласава. Акрамя таго, яна мае і грамадскую нагрузку: вяскоўцы ўжо тры тэрміны запар абіралі яе дэпутатам Вайханскага сельсавета. Давер людзей яна стараецца апраўдваць, бо на каго абаперціся, як не на такіх, як яна, — тутэйшых, дзейсных, дужых?karanko
Марыя Мікалаеўна памятае лепшыя гады сваёй малой радзімы, калі тут было многа моладзі, дзяцей, жыхароў наогул. Цяпер жа ў зоне абслугоўвання ўстановай культуры, якую яна ўзначальвае, пражывае ўсяго 122 чалавекі, пераважна пажылога ўзросту. Вядома, гады не дадаюць ім здароўя, таму вельмі запатрабаваны на сяле чалавек — фельчар Святлана Каранько. Яна таксама мясцовая, таму ведае пра хваробы і болькі кожнага свайго пацыента. Калі яны не маюць магчымасці прыйсці на прыём на ФАП, на сваёй машыне едзе да іх, вязе лекі, па неабходнасці накіроўвае на абследванні ў Гарадоцкую ЦРБ ці выклікае «хуткую дапамогу».
Разам Марыя Мікалаеўна і Святлана Станіславаўна сочаць за добраўпарадкаваннем на тэрыторыях сваіх устаноў і на воінскім пахаванні. Ім, як увішным гаспадыням, хочацца, каб наўкола было прыгожа, годна.
Яшчэ адной жанчыне, прадаўцу аўталаўкі Лідзіі Захаравай, вельмі ўдзячныя жыхары маленькіх вёсак. Яны прывыклі да абслугоўвання крамай на калёсах і да ветлівага, уважлівага гандляра, што не пакідае па-за ўвагай ніводны заказ пакупнікоў. Таму патрэбы шыбаваць за пакупкамі ў магазін у Вялікія Стайкі няма.
— На жаль, тым пенсіянерам, якія аддалі працы ў сельскай гаспадарцы гады жыцця, свае сілы, ­удзяляецца мала ўвагі, — смуткуе М.М. Уласава. — Жывуць у нас 82-гадовая пенсіянерка-чыгуначніца і 60-гадовая жанчына, што працавала ў райгазе, — дык іх памятаюць на прадпрыемствах, віншуюць са святамі, калі-некалі ўручаюць падарункі ці грашовыя прэміі. А былым паляводам ды жывёлаводам хіба што ўдзельнікі сама­дзейнасці дораць добры настрой сваімі выступленнямі, гавораць словы падзякі.
Ва ўстанову культуры вяскоўцы не спяшаюцца дружным гуртам, як раней, — узрост не той, але цікавасць да таго, каб пагля­дзець канцэрт, пачытаць часопісы, газеты, кнігі не прападае. А часам проста бяседа са спагадлівай загадчыцай клуба-бібліятэкі прыносіць задавальненне, унушае аптымізм. Падтрымліваць добразычлівыя зносіны з людзьмі і іхні дух — не апошняя справа ў вёсках, якія з кожным годам становяцца ўсё цішэйшымі.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
  На здымку: М. Уласава размаўляе са С. Каранько.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *