Формула жыцця

Актуальное

Больш за 35 гадоў правяла Валянціна Анатольеўна Ерамеева ў Халамерскай школе, 11 з іх — за  партай, старанна вывучаючы ўсе прадметы і ўважліва слухаючы настаўнікаў, а 25 — ля дошкі,  выводзячы для сваіх вучняў формулы, матэматычныя і жыццёвыя. Eremeeva
Калі Валя была маленькай дзяўчынкай, у адным толькі яе класе было пад трыццаць вучняў, зараз ва ўсёй Халамерскай школе — столькі ж. Яна вось вярнулася ў родныя мясціны пасля заканчэння Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта, а іншыя не захацелі ці не мелі магчымасці… І паціху вёска стала пусцець. Ды Валянціна Ерамеева не губляе надзеі, што гэты прыгожы край  яшчэ ажыве. Не можа быць, каб гонкі лес вакол іх вёскі, сады, поўныя ўвосень яблык і груш, маленькая царква, пабудаваная ля Халамерскай бальніцы, сталі нікому не патрэбныя.
Валянціна Анатольеўна паважае такіх людзей, як урач Міхаіл Самарын. І не толькі за тое, што многіх  ён паставіў на ногі, але і таму, што не паехаў з глыбінкі, хоць прапаноў і зараз шмат, што сумеў ператварыць вясковую бальніцу ў сучасную клініку, тым самым даказаўшы, што не важна, дзе знаходзіцца сапраўдны прафесіянал, у сталіцы ці ў невялічкай вёсцы, да яго будуць ездзіць людзі, якім ён патрэбны.
Галоўная праблема беларускай глыбінкі не ў тым, што тут няма пэўных матэрыяльных выгод, а ў тым, што таленавітыя яе сыны і дочкі часцей за ўсё імкнуцца ў вялікія гарады ці за мяжу, і гарады становяцца яшчэ багацейшыя на чалавечыя рэсурсы, маладую энергію, ідэі, а маленькія вёскі на гэта бяднеюць…
Валянціна Ерамеева і як настаўніца, і як дэпутат Віраўлянскага сельскага Савета дэпутатаў стараецца выхаваць у вучнях павагу да сваёй малой радзімы і разуменне таго, што вёска — гэта  маці, якая гадуе, песціць, дае сілы і  мае вялікую патрэбу ў нашай пашане і любові.
— Калі нашы вучні паступяць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, атрымаюць паважаныя, патрэбныя людзям прафесіі, мы, настаўнікі, будзем ганарыцца імі. Але калі мы пры гэтым зможам выхаваць у іх вясковы патрыятызм, і яны, адукаваныя, запатрабаваныя ў гарадах, прыедуць на сваю малую радзіму, каб будаваць, аднаўляць тут жыццё, развіваць сельскую гаспадарку, прамысловасць, сацыяльную сферу —  вось тады можна лічыць, што мы недарэмна прастаялі ля школьнай дошкі, што нашы дзеці атрымалі нашмат больш, чым проста веды па прадметах, яны духоўна ўзбагаціліся, — гаворыць мая суразмоўца.
Сын Валянціны Ерамеевай, дваццацідвухгадовы Жэня, пасля заканчэння Полацкага ляснога каледжа вярнуўся дадому і працуе лесніком у Халамерскім лясніцтве, яму падабаецца гэтая справа, тут ён на сваім месцы. Дачка Юля вучыцца ў Віцебскім палітэхнічным каледжы па спецыяльнасці «Эканоміка. Кіраўніцтва вытворчасцю», дзяўчыну таксама прываблівае вясковае жыццё.
Амаль кожны выпускнік Халамерскай школы паступае ў вну на бюджэтную форму навучання. Былыя вучні Валянціны Анатольеўны сталі студэнтамі  Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта,  Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава,  Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. Ці пакліча іх, дыпламаваных спецыялістаў, дарога на малую радзіму,  пакажа час.
— Прафесію настаўніцы для мяне выбраў мой дзядуля Фёдар Пятровіч, ветэран вайны. Ён заўжды паўтараў: «Валя, табе трэба вучыць дзяцей», — успамінае мая суразмоўца. Яна ўдзячна дзядулі за тое, што ён у свой час дапамог ёй зрабіць правільны выбар.
Кацярына ПУЧКОВА.
На здымку: Валянціна Ерамеева.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *