Горнае рэха апошняй вайны

Актуальное

 Ля памятнага знака ў гонар землякоў, што выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у замежных дзяржавах, 15 лютага было немнагалюдна. 25-годдзе вываду савецкіх войскаў з Афганістана — дата не такая гучная, як Дзень перамогі. Але для тых, хто мае непасрэднае дачыненне да Афганскай вайны, не менш святая. Таму воіны-афганцы і іх родныя, а таксама прадстаўнікі ўладаў, сілавых структур раёна, грамадскасці сабраліся разам — аддаць даніну павагі мужнасці і вернасці салдацкага абавязку тых, хто прайшоў праз горан той вайны (на здымку).afgan
З 1979 па 1989 год Савецкі Саюз страціў на вайне ў далёкай краіне 14453 чалавекі, яшчэ 417 прапала без вестак і трапілі ў палон; было ранена, траўмавана, кантужана 53753 байцы. З 11654 звольненых па стану здароўя 10751 чалавек сталі інвалідамі. Вялікая краіна губляла сваіх лепшых сыноў розных нацыянальнасцяў. Тыя, хто вярнуліся на сваю ціхую Гарадоччыну, у суботу неслі чырвоныя гваздзікі да маўклівага сціплага камня — сімвала афганскіх гор — у памяць таварышаў па зброі, сяброў, чые маці не спазналі шчасця абняць сваіх жывых сыноў. Хвіліна маўчання дазволіла кожнаму з воінаў-афганцаў на мітынгу ўспомніць твары сваіх загі­нуўшых баявых сяброў.
— Вярнуўшыся адтуль, мы яшчэ гадоў з дзесяць працягвалі ваяваць у снах, — горка ўсміхаецца Уладзімір Куракоў. — Снілася, што ідзе бой ды скончыліся патроны, хаця чаго-чаго, а іх у рэальнасці хапала… Псіхіка парушана ў кожнага афганца, без сумнення. На мой погляд, менавіта таму многія не змаглі адаптавацца ў жыцці — і сем’і не ўтрымалі, і самі не ўтрымаліся ад заган. Не варта судзіць нас строга. Там мы былі малайцамі — нездарма нашы ўзнагароды такія ж, як у бацькоў у Вялікую Айчынную.
Надзяваць жа іх, заслужаныя ваенным потам і крывёй, нават у сваё свята інтэрнацыяналісты быццам саромеюцца. У глядзельнай зале ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі медалі і ордэны не паблісквалі, але ад гэтага павага, з якой глядзела гарадоцкая моладзь на афганцаў, не стала меншай.
— Надзейныя, дужыя, мужныя, вы і цяпер у страі, працуеце і ўносіце свой адчувальны ўклад у развіццё раёна, — сказала намеснік старшыні райвыканкама Н.А. Бурунова ў звароце ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў да воінаў-інтэрнацыяналістаў. — Сваім прыкладам вернасці абавязку і лепшым традыцыям, годнага жыцця і працы вы выхоўваеце маладое пакаленне.
На памяць аб сустрэчы афганцам былі ўручаны сувеніры і кветкі з  пажаданнямі здароўя, спакою, міру, шчасця ў дзецях і ўнуках (на здымку). afgan-1
Канцэрт пачаўся выступленнем старшыні РГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Віктара Камышова. Нягучна, па-сяброўску пранікнёна гучала песня ў яго выкананні. Не дзіва: чалавек больш за два гады таптаў горныя перавалы.
Дзіўным здавалася тое, што маладыя артысты, якія не былі на той вайне, настолькі шчыра прапускалі боль аб ёй праз свае сэрцы, што і іх выступленні былі не менш кранальнымі. Хочацца спадзявацца, што і для будучых абаронцаў Айчыны яе гонар, годнасць, свабода — не пусты гук. Такія сустрэчы з героямі можна лічыць сапраўднымі ўрокамі мужнасці.
Паказальным карэспандэнту здаўся жэст аднага са старшакласнікаў: уважлі­ва ўглядаючыся ў кадры афганскай ваеннай кіна­хронікі, ён міжволі адмоўна пакачаў галавой: «Не!» Для беларусаў апошняя вайна скончылася з вывадам савецкіх войскаў з Афганістана 25 год назад. І хаця яе горнае рэха яшчэ гучыць у балючых успамінах яе салдатаў, раны гояцца. Цяпер нашы хлопцы служаць у мірных умовах, а мір — галоўная каштоўнасць у сусвеце.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *