Прыгажосць з-пад разца

Актуальное

  Днямі ўдзельнік народнага клуба майстроў і самадзейных мастакоў «Вытокі» Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору Віктар Паўлавіч Кайгародаў (на здымку) адзначыў сваё 75-годдзе. Сумленны працаўнік са стажам у 42 гады, пераважную большасць з якіх працаваў кранаўшчыком у леспрамгасе, ён праз усё свядомае жыццё пранёс сваё захапленне — разьбярства.kaigorodov
Так здараецца з людзьмі, якія ўмеюць заўважаць і ўвасабляць прыгажосць вакол сябе. Упершыню яшчэ ў маладосці ён убачыў выразаную з дрэва птушку і задумаўся, каб самому зрабіць такую ж. Не маючы настаўнікаў, вопыту, дапаможнікаў, усё ж узяўся за справу — і з-пад разца выйшаў першы бусел.
Тэма жывёльнага і птушынага свету Беларусі — асноўная ў творчасці самадзейнага майстра. Раслінныя арнаменты ў яго выкананні ўпрыгожваюць аконныя карнізы, дзвярныя адкосы, хатняе начыненне. Іншы раз знаёмыя звяртаюцца да Віктара Паўлавіча з заказамі на прыгожыя пано, шкатулкі, часцей просяць зрабіць тое-сёе з прадметаў бытавога ўжытку — зэдлікі, апрацоўчыя дошкі. Большасць сваіх рукатворных вырабаў майстар раздорвае. У гэты час ён аддае не проста кавалак дрэва, на якім выразаны пэўны малюнак, а дзеліцца шчодрасцю сваёй творчай душы, чалавечым цяплом мастака з народнай глыбінкі.
Многія гарадакчане звярталі ўвагу на разныя скарбонкі для збору ахваряванняў на патрэбы цэркваў. Яны таксама зроблены разьбяром. Ён нямала папрацаваў для аздаблення ўсіх гарадоцкіх храмаў. Святары і прыхаджане ўдзячныя яму за прыгожае афармленне лавак, падсвечнікаў, аналоеў і бажніц, выкананае, дарэчы, бязвыплатна.
Імя Віктара Паўлавіча Кайгародава ўнесена ў кнігу «Народныя майстры і мастакі Віцебшчыны». Там аб ім сказана як аб самабытным майстры, што працуе ў розных тэхніках і накірунках разьбы па дрэве. Ён адзін з таленавітых сыноў Гарадоччыны, удзельнік шматлікіх выстаў, у тым ліку знакамітага «Горада майстроў» у Віцебску. Кідаць сваё хобі ўмелец не збіраецца. Загатоўкі з ягонай любімай падатлівай ліпы чакаюць дотыку рук свайго майстра, каб са звычайных дошак стаць творамі народнага мастацтва.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.                   Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *