РЫГОРАЎНА

Актуальное

  Да вёскі Шмані Руднянскага сельсавета з райцэнтра ехаць і ехаць — амаль семдзесят кіламетраў. Невыпадкова пе­р­шае пытанне, што задае гаспадыня хаты, да якой мы выбраліся ў няблізкія госці, А.Р. Сухарукава: «Як дабраліся?» Suhorukova
Самі мясцовыя звыкла называюць дарогу да іх населенага пункта «дарогай жыцця». Калі задумацца, так яно і ёсць.
«Па добрай дарозе прасцей дабрацца да нас аўталаўцы, сацработніку, «хуткай дапамозе», калі спатрэбіцца… Таму я пільна сачу за станам дарогі, калі ёсць заўвагі, адразу тэлефаную ў ДРБУ. Трэба зазначыць, што ў апошні час на працу дарожнікаў наракаць нельга», — распавядае Алена Рыгораўна, якая, між іншым, з’яўляецца старэйшынай вёскі. Гэтая 75-гадовая, але яшчэ вельмі жвавая і дасціпная жанчына (на здымку) не прывыкла проста сядзець на месцы. Бо нераўнадушная, неабыякавая яна да праблем людзей. Мабыць, таму ў свой час была дэпутатам спачатку Газьбінскага, а потым Руднянскага сельскага Савета дэпутатаў, актыўна ўнікала ва ўсе важныя пытанні глыбінкі.
«Па натуры я чалавек дзейсны, з сялянскай практычнасцю. Гэта значыць, прывыкла гля­дзець на рэчы рэальна, разумеючы, калі трэба насамрэч дапамагчы чалавеку, узняць яго асабістую праблему на ўзровень грамадскай», — заўважае суразмоўца.
На сваім вяку Рыгораўна зазнала нямала гора. Яны з братам Юрыем і сястрой Марыяй — дзеці вайны. Якіх только страхаў не давялося ім перажыць  падчас Вялікай Айчыннай! Голад і холад, выратаванне са спаленай фашыстамі Газьбы, якое інакш як цудам не назавеш, амаль жывёльны, прабіраючы да вантробы жах канцлагера «Пяты полк»…
«Як мы выжылі, только Богу вядома, што перажылі — не пажадаеш і ворагу», — прызнаецца жанчына.
Бацька Алены Рыгораўны — Р.К. Гразноў — у Другую Сусветную вайну быў разведчыкам, партызаніў, меў узнагароды за сваю важную для Радзі­мы дзейнасць. Ён нядоўга парадаваўся мірнаму жыццю. Вярнуўся з фронта, нарадзіў з жонкай яшчэ дваіх дзетак, Валю і Люду, і пайшоў з гэтага свету маладым — у 37 гадоў. Жонка перажыла яго ўсяго на два гады, яе не стала ў 1952…
Пасля смерці бацькоў дзяцей накіравалі ў дзіцячы дом № 16 у Лепель. Яго тагачаснага дырэктара, А.Н. Быкоўскага, Алена Рыгораўна і па сённяшні дзень узгадвае як залатой душы чалавека. Сваіх дзяцей у яго не было, і ўсю нерастрачаную бацькоўскую пяшчоту і цяпло ён аддаваў чужым малым, да якіх адносіўся, як да родных.
«Брату і сястрычкам я заўсёды была падтрымкай і апорай, ніхто на мяне крыўдзіцца не можа», — зазначае жанчына і не без гонару дадае, што ўсе яе «дзятдомаўскія» выбіліся ў людзі, маюць вышэйшую адукацыю.Толькі ёй самой не выпала — часу не было, за іншымі ўвіхаўшыся, пайсці ў інстытут. Вывучылася па спецыяльнасці «заатэхнія» у Лужаснянскім тэхнікуме.
«Муж мой Васілій Андрэевіч быў добрым чалавекам, дзеці ў мяне цудоўныя. Малодшы, Аляксандр, служыў у органах, і на працы, і па жыцці ніхто слова дрэннага пра яго не мог сказаць… — голас маці дрыжыць, — як калісьці і майго бацьку, Бог забраў Сашу ў 37 гадоў…»
Старэйшы сын А.Р. Сухарукавай Аляксей працуе загадчыкам філіяла «Здраўнёва» Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Не забываюць наведваць бабулю ўнукі Андрэй, Алесь і ўнучка Ганна.
«Сям’я на мяне не забываецца. Вось літаральна перад вашым прыездам тэлефанавала сястра з Украіны, цікавілася, як я тут, ці не засумавала, а хіба ж мне ёсць калі? Гаспадарку трымаю: з пяток авечак, козы, куры, пчаліных домі­каў нямала, ну і каты, і сабакі  — усё ёсць. А ў халады, каб не загінулі, абавязкова кармлю лясных птушак. Вось і зараз у мяне да цяпла жыве шызы голуб: знясілеў і прыбіўся бліжэй да чалавечага жытла, я яго і забрала пакуль што ў хату «на пастой», — дзеліцца Рыгораўна.
Калісьці, дарэчы, яны з мужам трымалі цэлую авечкагадоўчую ферму, мелі з гэтага неблагі прыбытак. «Да нас са ўсёй рэспублікі прыязджалі за ягнятамі, воўна добра ішла ў продаж. А зараз мне адной з цэлай фермай, зразумела, не ўправіцца, ды і не патрэбна ўжо гэта», — заключае суразмоўца.
Заглядаючы ў яе светлыя, прамяністыя вочы, разумееш: вось яны якія, жанчыны нашых беларускіх вёсак і вёсачак, — усё вытрываюць, усіх адораць шчырай усмешкай, для ўсіх знойдуць добрае слова і спагаду.
Ганна НАВУМАВА.    
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *