Урокі — толькі частка школьнага жыцця

Актуальное

  Вышадская школа на дзяцей не багатая — усяго 54 вучні. Але ў ёй кіпіць такое насычанае, цікавае жыццё, што хочацца давесці аб невялікай сельскай навучальнай установе ўсім падпісчыкам нашай «раёнкі». Акрамя таго, што тут належным чынам наладжаны навучальны працэс, настаўнікі прапаноўваюць дзецям заняткі ў творчых гуртках, спартыўных секцыях, шматлікія пазакласныя мерапрыемствы. Развіццё асобы не зводзіцца толькі да вывучэння абавязковай школьнай праграмы. Выхаванне ідзе быццам не наўмысна — праз уласны прыклад настаўнікаў, штодзённыя зносіны паміж самімі школьнікамі, якім не стае часу на свавольствы: яны ўвесь час занятыя нечым карысным і радыя гэтаму.
Дзень нашага візіту ў Вышадкі быў халодным, тым не менш групка старшакласнікаў у школьным двары станавілася на лыжы.
— Змерзнуць не баіцеся?
— Не, мы прывычныя, — заўсміха­ліся рабяты.
Такі іх аптымізм прымусіў найперш завітаць у спартыўную залу. Так, рамонт тут патрэбны, але па ўсім відаць, што да фізічнага развіцця дзяцей ставяцца сур’ёзна. Лыжная база, іншы інвентар у належным стане, дагледжаны, у спартыўных апартаментах парадак. Сцены ўпрыгожваюць граматы і дыпломы.
— Так, з прыходам на работу ў школу настаўніка фізкультуры Сяргея Міхайлавіча Вараб’ёва спартыўнае жыццё ў нас вельмі ажывілася, — расказвае дырэктар Ігар Уладзіміравіч Кузняцоў. — Ён так шчыра ўзяўся за справу, што сваім гарэннем заразіў і дзяцей. Нават тыя з іх, хто не вылучаліся добрай спартыўнай формай, значна падцягнуліся. Як вынік — другі год паспяховыя выступленні нашых рабят на розных спаборніцтвах.
У ліку перамог вышадскіх школьнікаў — першыя месцы ў сваёй падгрупе ў раённых спаборніцтвах па зімоваму мнагабор’ю «Здароўе», лёгкаатлетычнаму кросу, ХХV спартакіядзе школьнікаў, зімоваму мнагабор’ю прыкладнога фізкультурна-спартыўнага комплексу «Абаронца Айчыны» — толькі за апошнія два гады. Моцных целам і духам юных спартсменаў у тутэйшай навучальнай установе хапае — усіх не пералічыш. Дзякуючы таму, што С.М. Вараб’ёў прыкмеціў працавітую, упартую ў дасягненні мэты Марыю Маскалёву (на здымку) і пачаў мэтанакіраванаvyshedki працаваць з ёй, Маша вынікова выступіла на раённых спаборніцтвах. Яна ўвайшла ў склад абласной і рэспубліканскай каманд сельскіх школьнікаў і хутка выступіць на спаборніцтвах рэспубліканскага ўзроўню па зімоваму мнагабор’ю «Здароўе». Магчыма, разгарыцца яе спартыўная зорка — пажадаем поспехаў!
Любоў да ведаў, давер да настаўнікаў закладваюцца ў пяшчотным узросце. Вышадскай школе пашанцавала, што тут працуюць выдатныя настаўніцы малодшых класаў А.І. Аўчыннікава і Н.С. Васільева. Нават падрастаючы, да іх дзеці адносяцца з нязменнай сімпатыяй, якую, магчыма, саромеюцца праявіць, але так і ёсць. Непадробную цікаўнасць выклікаюць урокі беларускай мовы і літаратуры Л.Ф. Хлябоўскай, а пад кіраўніцтвам творчага натхніцеля К.С. Семянковай хлопчыкі і дзяўчынкі ладзяць усе пазашкольныя мерапрыемствы. Выступаюць не толькі на сваёй канцэртнай пляцоўцы, ахвотна спяваюць і танцуюць для ўсіх вяскоўцаў. Стараючыся быць больш сучаснай, моладзь не да канца разумее, як ей пашанцавала з магчымасцю выступаць пад жывы акампанемент фартэпіяна, баяна, цымбалаў — на базе школы працуе філіял Гарадоцкай школы мастацтваў. Але ж сваё, народнае, што засталося ў спадчыну, куды больш натуральнае, чым сучасныя фанаграмы.
Выпускнікоў школы, якія сёння збяруцца пад яе дахам на вечар сустрэчы, будуць вітаць шчырым словам, дзяліцца сваімі набыткамі і планамі. Арганізатары мерапрыемства — самыя самастойныя, адзінаццацікласнікі, хвалююцца, але збіраюцца выглядаць годна.
Не прамінуць зазірнуць госці ў школьны музей, які працуе пад выдатным дэвізам: «Свой добры век мы пражылі як людзі і для людзей». Ідэя стварыць летапіс школы, сабраць краязнаўчыя матэрыялы, звесткі, якія б спрыялі патрыятычнаму выхаванню, даўно  не давала спакою былому дырэктару школы Л.П. Аболінай. За адміністрацыйнай работай не было калі. Але цяпер  дзецішча Людмілы Пятроўны расцвіло: у музеі больш за паўтары сотні экспанатаў. Адразу прыцягвае ўвагу бюст Героя Савецкага Саюза Н.І. Гапяёнка і прысвечаны яго баявому шляху стэнд — лётчык-ас родам з Глінішча. Уражвае стэнд, прысвечаны ўраджэнцы гэтых мясцін, краснадонскай падпольшчыцы Ніны Старцавай. Дарэчы, піянерская дружына школы носіць яе імя. А вось — рэдкая кніга, «Дапаможнік для складання рознага роду лістоў, прашэнняў, дзелавых папер і актаў» выдання 1916 г. Насупраць — прадметы сялянскага побыту, нацыянальныя касцюмы, даматканыя посцілкі і вышыванкі… У музеі нярэдка праводзяцца ўрокі гісторыі і пазакласныя мерапрыемствы: дакрануцца да мінуўшчыны куды цікавей, чым проста паслухаць настаўніка. Нездарма вучні пачатковых класаў з такой цікаўнасцю разглядаюць старадаўні прас (на здымку). vyshedki-1
Уразіла карэспандэнта падгледжаная ў пакойчыку музея цытата «Самае важнае для народа пасля хлеба — школа». Хто яе аўтар — высветліць не ўдалося, але з сэнсам цяжка паспрачацца. Менавіта школа на сяле застаецца галоўным адукацыйным цэнтрам, яе наяўнасць у вёсцы — рашаючы фактар для бацькоў, калі паўстае пытанне, ці варта тут жыць. 24 дзіцяці падвозіць у Вышадкі з Улішыцаў школьны аўтобус. У першы клас на будучы год пойдуць усяго шасцёра малых. Прафесіі, звязаныя з сельскай гаспадаркай, апошнім часам выпускнікі не абіраюць: не прэстыжна, цяжка. На прыкладах сваіх бацькоў моладзь ведае, чаго варта гадаваць жывёлу, расціць хлеб — у грашовым увасабленні таксама. Гэта наводзіць на невясёлы роздум. Але пакуль школьнае наваколле звініць маладымі галасамі, і растуць тут разумныя, добрыя дзеці. На іх і надзея, што бацькаўшчына не зарасце пустазеллем, што яны, як і героі летапісу тутэйшых мясцін, будуць жыць як людзі і для людзей.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.          Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *