Выхаваць сапраўднага беларуса

Актуальное

  Просьбу, якую выказаў на пачатку нашай размовы вучань 11 класа Прудніцкай школы Андрэй Іваноў (на здымку), пачуеш нячаста: «Калі ласка, давайце будзем гаварыць з вамі па-беларуску». Пра гэтага хлопца давялося пачуць яшчэ летась, калі ён вучыўся ў Вайханскай школе. Маўляў, расце сапраўдны беларус: сур’ёзна цікавіцца гісторыяй, культурай, літаратурай і мовай сваёй краіны. Чуткі пацвердзіліся — юнак аказаўся чалавекам удумлівым, са сталым светапоглядам, сфарміраванай жыццёвай пазіцыяй.Ivanov
— Гады са тры таму я ўсур’ёз захапіўся вывучэннем гісторыі Беларусі, — распавядае Андрэй. — Паглыбіўшыся ў тэму, прыйшоў да высновы, што нам, беларусам, ёсць, чым ганарыцца. Нашы продкі прайшлі вялікім, складаным шляхам перамог і паражэнняў, падзенняў і ўздымаў. Яны пакінулі нам спадчыну, за якую не сорамна, — багатую і самабытную. Да мяне прыйшло ўсведамленне, што мы — народ, і я — частка гэтага народу. Падмурак маёй «беларусізацыі» яшчэ ў папярэдняй школе заклаў гісторык Пётр Пятровіч Ерафееў.
Будынак на гэтым падмурку Андрэй будаваў са сваёй настаўніцай беларускай мовы і літаратуры В.Я. Івановай. Пры сустрэчы з ёй карэспандэнт задала ў нечым правакацыйнае пытанне: ці не выцісне з асяроддзя беларусаў родную мову руская, таксама дзяржаўная? Вытрымаўшы паўзу, Вольга Ягораўна цвёрда адказала:
— Мова будзе жыць. На ёй размаўляюць і будуць размаўляць. Пакуль нямногія — адзінкі з сотні. Але яны ёсць, і гэта нямала. Разумеюць жа сваю мову ўсе. Не стае толькі моўнай практыкі. Дзеці цікавяцца ёй, любяць беларускамоўныя дні ў школах. Адносіны да мовы становяцца больш паважлівымі. Адукаваныя людзі карыстаюцца ёй усё шырэй, гэта становіцца прыкметай культурнага чалавека.
Для Андрэя гаварыць па-беларуску натуральна, ён не робіць для гэтага асаблівых намаганняў. Смуткуе толькі, што ў яго небагата аднадумцаў. Па-юнацку прынцыповы, ён, калі прымаў удзел у абласной алімпіядзе, там гаварыў па-руску. Не хацеў быць з тымі, хто толькі ў падыходзячы момант скарыстоўваюць у зносінах «патрэбную» мову, а самі гавораць з акцэнтам і сказы будуюць па кальцы з рускай.
Актыўны карыстальнік Інтэрнэта, Андрэй не марнуе час за камп’ютарнымі гульнямі ці пошукам танных сенсацый. Наведвае сайты, што тычацца гісторыі, мовы, палі­тыкі сваёй краіны — пашырае кругагляд. Імкненне да самаадукацыі, набыццё ведаў і роздумы пра высокія матэрыі — значная частка жыцця звычайнага вясковага хлопца. Ён здзіўляецца, што ў сваіх прыземленых клопатах людзі не жадаюць падымацца вышэй за свае на­дзённыя праблемы. Чалавек жа — істота духоўная па сутнасці, таму маральныя пошукі для яго павінны быць неад’емнай часткай існавання. «Юнацкі максімалізм», — усміхнуцца чытачы. І не будуць мець рацыі. Проста на жыццёвых дарогах мы чамусьці растрачваем «душы прыгожыя парывы», перастаём марыць і думаць пра высокае, нам усё складаней супраціўляцца ціску мяшчанскай большасці. І калі ў полі зроку з’яўляецца такі вось Андрэй Іваноў, кпім з яго, як з белай вароны, пагардліва абражаем «калгаснікам» ці палахліва і беспадстаўна далучаем да ліку апантаных апазіцыянераў. А ён, бацькамі і настаўнікамі выхаваны сапраўдным беларусам, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, што святкуецца 21 лютага, дзеліцца з чытачамі «раёнкі» сваім шчырым жаданнем:
— Хачу, каб мая будучая жонка вучыла нашых дзяцей беларускім традыцыям і культуры. Не, я не супраць розных моў, але ж у чалавека двух матак не бывае…
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *