Дзякуй маміным рукам

Актуальное

  Нястомныя рукі нашых матуль… Самыя пяшчотныя, працавітыя, яны так соладка могуць выцерці нам слёзы, перахрысціць, адпраўляючы на жыццёвыя шляхі, згатаваць самыя лепшыя ў свеце прысмакі. Яны так духмяна пахнуць кменам і кропам у сезон хатніх нарыхтовак! Матуліным рукам няма стомы нават познімі вечарамі, калі ўсе сямейнікі ўкладваюцца ў ложкі, — яны варожаць з ніткамі і тканінамі, каб стварыць утульнасць і прыгажосць у доме. Аддаючы даніну павагі чараўніцтву маміных рук, супрацоўнікі Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору арганізавалі ў выставачнай зале Пальмінскага СДК выставу «Рукамі матулі».gorunova
Цеплынёй, добрай энергетыкай вее ад прадстаўленых тут саматканых вышытых рушнікоў і посцілак, вывязаных адмысловымі ўзорамі абрусаў і падвузорнікаў, карункавых фіранак і сурвэтак. Тэхніка іх выканання і матывы характэрныя менавіта для Гарадоччыны. Колькі карпатлівай працы ўкла­дзена ў гэтае рукадзелле! Як найвялікшы скарб захоўваецца яно нашчадкамі.
— У нашай сям’і вельмі шануецца рушнік, што з пакалення ў пакаленне перадаецца ў спадчыну па жаночай лініі. Яму ўжо больш за 150 год, — расказвае дырэктар Пальмінскага СДК Валянціна Гарунова. — Дзіва, што ён захаваўся нават у вайну! Маме маёй, якая родам з Перадзелкі, зараз 78 год. Колькі сябе памятае, яна прала, ткала, вязала, вышывала — нават пры лучыне ці пры святле месяца. За сваё жыццё стварыла цэлую калекцыю рукадзелля, і цяпер яе хатка аздоблена ім — вытанчаным, вясёлым…
Вырабы, прадстаўленыя на выставе, былі сабраны супрацоўнікамі Дома рамёстваў і фальклору падчас ранейшых экспедыцый і цяпер захоўваюцца ў фондзе гэтай установы. На жаль, не ўсе імёны аўтараў былі дакладна ўстаноўлены, але ўзгадаем некаторыя з іх — Е.І. Ганчарова, Я.Ф. Дзем’яненка, Я.У. Каніна.
Жанчыны заўжды прагнуць прыгажосці і ўмеюць ствараць яе вакол сябе. Прадстаўніцы старэйшых пакаленняў, якім не выпала бытавах выгод, якія гадавалі не па аднаму-два дзіцяці — болей, усё ж знаходзілі час, каб схіліцца над вышыўкай, правязаць хоць колькі-небудзь слупочкаў кручком… У святы іх жытло нагадвала нявесту ў белых карунках. Усё — ад вокнаў да ложкаў, ад сталоў да лавак — патанала ў адмысловых ажурах, арнаментах, рознакаляровых кветках. Іх цеплыню не заменяць ніякія новамодныя «штучкі». У іх заплецены тыя спа­дзяванні і думкі, якія валодалі нашымі матулямі, калі яны карпелі над імі, спадзеючыся, што лёс іх дзяцей будзе лягчэйшым і прыгажэйшым за іхні. Дзякуй вам, любыя!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: беражліва захоўвае маміна рукадзелле В. Гарунова.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *