«Кацюшына» трохгалоссе

Актуальное

Гадоў трыццаць таму харавыя калектывы ствараліся ва ўсіх масавых арганізацыях. Людзям падабалася бавіць вольны час з песняй. Але з цягам часу такая традыцыя была страчана. Адрадзіць яе ў 2006 годзе ўзялася энтузіяст, былы начальнік аддзела культуры райвыканкама Зоя Аляксандраўна Жолудзь. Адшукаўшы аматараў спеваў з колішніх вакальных калектываў прадпрыемстваў, яна запрасіла іх аб’яднацца ў хор ветэранаў працы.katusha
— Першы час мне думалася: «Ні за што ў нас нічога не атрымаецца», — прызнаецца адна са старэйшых удзельніц калектыву Людміла Мікалаеўна Шаўцова. — Толькі мае сумныя прагнозы, на шчасце, не спраўдзіліся. За столькі год мы спеліся і цяпер маем намер абараняць нашу «Кацюшу» на званне «народны самадзейны калектыў».
Кожныя два гады праводзіцца абласны агляд-конкурс «Не старэюць душой ветэраны», і спачатку ўдзел у ім бралі толькі салісты і дуэты, што займаліся ў Гарадоцкім ГДК, — Г.М. Саўчанка, В.Ф. Пракоф’¬ева, цёзкі па прозвішчу Л.М. і А.С. Шаўцовы склалі дуэт, Н.М. Васільева чытала вершы… Але ў 2007 годзе ў рамках абласнога свята на сцэну Палаца культуры чыгуначнікаў у Віцебску выйшла вакальная група, у складзе якой было 13 жанчын, а ў 2010 го¬дзе ўжо хор у складзе 25 чалавек адтуль жа прывёз дыплом II ступені. Ніводнае выступленне калектыву з баявой і заўзятай назвай «Кацюша» журы абласнога ветэранскага фэсту не пакідала па-за ўвагай. Напрыклад, месяц таму з Коханава нашы спевакі вярнуліся з дыпломам за лепшае раскрыццё патрыятычнай тэмы ў творчасці, а трыа ў складзе Т.М. Капуста, Т.В. Карусевіч і Л.М. Шаўцовай было адзначана Ганаровай граматай Віцебскага аблсавета ветэранаў.
— Усе, хто займаюцца ў нашым калектыве, — людзі апантаныя, — сцвярджае хормайстар «Кацюшы» Т.В. Карусевіч. — Даводзіцца часам чуць, што ім дома клопатаў няма — дык і спяваюць. Гэта няпраўда: многія жывуць у прыватных дамах, апрацоўваюць гароды, маюць іншыя справы. А душа прагне творчасці. Нашы мужчыны, калі трэба сабрацца на рэпетыцыю ці выступіць, нават ад рыбалкі адмаўляюцца, мы ж без іх — слабая палова. Песня нас з’яднала, таму мы шчыра радуемся прыемным навінам сяброў, перажываем адзін за аднаго, як за блізкіх.
Разам ветэраны адзначаюць святы, мараць аб набыцці новых сцэнічных касцюмаў, стварэнні акампаніятарскай групы (пакуль адзіным акампаніятарам з’яўляецца незаменны адмысловы баяніст В.А. Мурашкевіч), падбіраюць рэпертуар. Усе песні ў іх — любімыя і падабаюцца слухачам. Здараліся выпадкі, калі асобныя з іх прасілі праспяваць «на біс». Геаграфія выступленняў хору — уся Гарадоччына, блізкая Руба, без яго не абыходзіцца амаль ніводнае раённае свята. Няхай і надалей трыццаць галасоў, раскладзеныя на трохгалоссе, зліваюцца ў дружнае гучанне, ад якога маладзеюць і ¬ўдзельнікі «Кацюшы», і тыя, хто іх з задавальненнем слухаюць!
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: хор ветэранаў «Кацюша» Гарадоцкага ГДК.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *