На сцюдзёных вятрах

Актуальное

  Слухаючы нетаропкі расказ удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны Вольгі Мацвееўны Барсуковай аб яе жыццёвых выпрабаваннях, лавіла сябе на думцы аб тым, колькі ж можа вытрываць чалавек! Пакаленне сціплых, але вялікіх па сваіх маральных якасцях людзей маем мы ў асобах сваіх дзядоў. Спачуванне іх нялёгкім лёсам, гонар за здзейсненыя ўчынкі, павага за працалюбства і нессякальны аптымізм перапаўняюць жаданнем хаця б праз газетны артыкул аддзячыць і падтрымаць з удзячнасцю і паклонам.borsukova
На Гарадоччыне Вольга Мацвееўна жыве нядаўна — перабралася да дачкі ў Бычыху. Усім тут задаволеная, з людзьмі ладзіць, але прызнаецца, што думкамі заўсёды на сваёй радзіме, на Магілёўшчыне. Каб была магчымасць — птушкай паляцела б туды, у сваю калісьці адну з самых буйных і прыгожых вёсак Чэрыкаўшчыны, Вепрын. Толькі яе больш няма: з абжытых любімых мясцін сагнаў людз­ей выбух у Чарнобылі. Тэрыторыя аказалася забруджанай радыёнуклеідамі, жыхары падлягалі перасяленню з наступным захаваннем збудаванняў.
— Усе нашы 386 дамоў зруйнавалі, і маю хату закапалі ў зямлю, — самотна гартае старонкі кнігі «Памяць. Чэрыкаўскі раён» бабуля. — А каб вы чулі, як плакалі каровы, калі гаспадыні па загаду іх здавалі! Не, лепей не дай бог такое пачуць… Толькі пяць гадкоў пасля аварыі пражыў мой муж, Міхаіл Сямёнавіч. Давялося мне пахаваць і зусім маладога сына, і маладую дачку. Сама інвалід першай групы, а ўсё жыву, пад 90-годдзе падбіраюся. Ці была шчаслівая? Была, і цяпер не скарджуся: жыву з роднымі, стараюся іх не абцяжарваць.
Да вайны сям’я Жураўскіх (дзявочае прозвішча гераіні аповеда) жыла бедна: дзеці самі сабе плялі лапці, каб хадзіць у школу, але, акружаныя клопатам і любоўю адзін аднаго, пра гэта не журыліся. Оля паспела скончыць сямігодку, намервалася вучыцца на ўрача, ды не паступіла. Член прыёмнай камісіі тады супакойваў яе: «Ты ж такая маленькая, хударлявая. Вось здарыцца вайна, а ты параненага з-пад куль не выцягнеш…»
Навала і сапраўды прыйшла — нечаканая, жудасная. Бацька, Мацвей Сцяпанавіч, добраахвотнік Грамадзянскай вайны, старшыня мясцовага калгаса, пакінуўшы жонку і пяцёра дзяцей, зноў добраахвотна пайшоў у Чырвоную Армію. Ваяваў нядоўга — трапіў у акружэнне ў Бранскіх лясах і, змучаны, знясілены, вярнуўся ў сваю вёску Зоры. Падтрымліваў сувязь з партызанамі, прыцягваў да дапамогі народным змагарам і дачок. Да старэйшай з іх, Ліды, заляцаўся сын бургамістра з суседняй вёскі, але яна, маладая камсамолка, палічыла за лепшае быць сагнанай на прымусовыя работы ў нямеччыну, чым стаць ягонай жонкай.
— А як жа нас рабавалі гэтыя нелюдзі! Ім жа хацелася не толькі яек ды кур, але і ўцех. Колькі разоў мы з Лідай, хаваючыся ад іхняга гвалту, уцякалі і начавалі ў чыстым полі! — заплюшчвае вочы Вольга Мацвееўна. — Галодныя, халодныя, пад вечным страхам жылі. Каб неяк карміцца, мы з братам працавалі на сушыльным заводзе ў Чэрыкаве. Ён такі быў змарнаваны, скулы не праходзілі. А харчаваліся кашай з таўчонага ячменю.
Жанчына ўспамінае, што непадалёк, кіламетры з паўтара ад іх, праходзіла шаша. Па ёй фашысты гналі ваеннапалонных у лагер у Крычаў. Як маглі, мясцовыя жыхары падсілкоўвалі іх. Самі недаядалі, а неслі няшчасным хаця б бульбы ці буракоў, хлеба з мякінай, проста вады. Ахоўнікі забаранялі перадачы, але жанчыны ўпарта парушалі гэтыя табу. Абапал дарогі заставаліся трупы ваеннапалонных, што паміралі ад знясілення і ран, іх клявалі крумкачы, расцягвалі драпежнікі, а хаваць іх фашысты не дазвалялі. І ўсё ж начамі, пад страхам смерці, аплакваючы незнаёмцаў, местачкоўцы аддавалі іх целы зямлі.
— У кожнай вёсцы — брацкія могілкі, — прыкрывае вочы ад цяжкіх успамінаў Вольга Мацвееўна. — А імем адной са слаўных дачок нашага народа, Таццяны Гін­дзінай, названы вуліцы, піянерскія атрады, брыгады. У час адной з першых бамбёжак быў забіты яе сын, і Таццяна, першая ў раёне жанчына-трактарыст, а пазней — інструктар райкама, добраахвотна пайшла ў Чырвоную Армію. Падчас адной з аперацый яе схапілі фашысты. Доўга здзекваліся, збівалі, у моцны мароз аблівалі ледзяной вадой, клалі на гарачую пліту, босую і голую пад канвоем гналі з Вепрына ў Чэрыкаў, дзе расстралялі. Я на свае вочы бачыла лужыны крыві ў той хаце, дзе яе катавалі…
Было страшна, але і нянавісць шырылася ў людскіх душах. Бліжэй да вызвалення раёна, калі захопнікі проста лютавалі, вяскоўцы «пайшлі ў бежанцы», у лес. Жылі ў зямлянках. Дома ў Жураўскіх засталася толькі мама з маленькай дачушкай, якая нарадзілася ў вайну, — пячы хлеб, даглядаць жытло. Аднаго разу ў вёску, што абязлюдзела, уварваліся немцы, сталі падпальваць хаты. Вольга Мацвееўна ўспамінала, як рашуча заявіла тады яе маці: «Каб не Клава ў мяне на руках, я б забіла таго фашыста. Віламі б закалола…»
Вельмі красамоўны прыклад чакання вызваліцеляў успомніла мая субяседніца. Калі чырвонаармейцы выбілі захопнікаў з наваколля, ейны тата аддаў ім у пачастунак кабанчыка, што прыбіўся да яго ў лесе. Не сваю агаладалую сям’ю накарміў, а тых, хто прынеслі на сваіх штыках свабоду.
Зажываліся цяжка. Многа працавалі. Але гэта было за шчасце для тых, хто ўцалеў. «Чорт з імі — авечкамі, курамі, хатамі. Галоўнае, што самі жывыя», — падбадзёрвалі дзяцей бацькі. Вользе яны здолелі даць адукацыю, яна скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута. Працавала ў школе да 1986 года. Шчыра любіла і сваю работу, і дзяцей. Гэта праўда — памятаю, як пасвятлеў яе твар, як выраўняліся маршчынкі, калі ў сувязі з 70-годдзем вызвалення Гарадоччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў В.М. Барсукову прый­шлі павіншаваць мясцовыя школьнікі.
— Я б і цяпер дзяцей вучыла, — ажыўляецца Вольга Мацвееўна. І я разумею, што яна не жартуе. — Побач з імі і сам маладзееш, па-новаму адчуваеш, спадзяешся, марыш, быццам пражываеш другое жыццё. Дзеці — найбольшае шчасце, што можа быць у чалавека. Толькі дзеля іх варта жыць, берагчы, абараняць, працаваць, ствараць.
Цяперашнія пастаянныя спадарожнікі маёй гераіні — вязальныя пруткі і кручок. З іх дапамогай яна бавіць доўгія гадзіны да прыходу дадому дачкі, зяця, унукаў. Бабуля стараецца парадаваць іх сваім рукадзеллем, і ёсць чым — адмысловыя рэчы са складанымі ўзорамі падуладныя майстрысе. Вочка за вочкам яна ўвязвае ў свае вырабы цярпенне і любоў — той галоўны скарб, які жанчына са складаным лёсам не страціла на сцюдзёных вятрах жыццёвых дарог.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: толькі ненадоўга падчас бяседы В.М. Барсукова адрываецца ад вязання.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *