Доктар для ўсіх

Актуальное Штрихи к портрету

  Загадчыцу Верамееўскай урачэбнай амбулаторыяй агульнай практыкі Галіну Віктараўну Нялідаву (на здымку) яе пацыенты лічаць сямейным доктарам. Такое прызнанне апраўдана: працуючы ў амбулаторыі з дня яе адкрыцця 2 студзеня 2007 года, яна паспела пазнаёміцца літаральна з кожным жыхаром абслугоўваемай зоны, запомніць і палюбіць іх.Nelidova
У штаце амбулаторыі, акрамя Галіны Віктараўны, урача агульнай практыкі, — стаматолаг, фельчар, медсястра, санітарка і вадзіцель. Такім саставам яны абслугоўваюць у медыцынскім сэнсе 2180 чалавек, што жывуць на вул. Гагарына, у аграгарадку Верамееўка, навакольных вёсках. У амбулаторыі створаны ўсе ўмовы для паўнацэннага прыёму пацыентаў. Ёсць наступныя кабінеты: прыёму ўрача, здаровага дзіцяці, аглядны, працэдурна-прышчэпачны, стаматалагічны (часова прыпыніў работу з-за адсутнасці спецыяліста), працуе аптэчны кіёск, уладкаваны дзённы стацыянар на два ложка-месцы. Перад адкрыццём установы ў памяшканнях быў выкананы капітальны рамонт, тут ёсць усе неабходныя камунікацыі, цёпла і ўтульна.
— Мы аднолькава ўважліва ставімся да хворых розных узростаў, спачуваем пажылым, у статус якіх пераходзіць вялікая частка вясковага насельніцтва. Для такіх людзей і інвалідаў арганізоўваем стацыянар на даму, — расказвае Галіна Віктараўна.
— Радуемся, што на ўчастку 254 дзіцяці ва ўзросце да 18 год: жыццё працягваецца. Самых маленькіх пацыентаў, дзяцей ва ўзросце да аднаго года, у нас 16. Шкадуем іх і дапамагаем бацькам гадаваць іх здаровымі.
Па назіраннях Г.В. Нялідавай, урача са стажам, хаця агульная колькасць дзяцей скарачаецца, працэнтныя суадносіны здаровых і хворых непаўналетніх застаюцца прыкладна на ранейшым узроўні. Важнейшую ролю ў захаванні іх здароўя доктар адводзіць сям’і, ладу жыцця, які там вядзецца. Найбольшай заганай яна лічыць злоўжыванне алкаголем, калі ў п’яным чадзе бацькі няўважлівыя не тое, што да выхавання — забеспячэння дзецям нармальных умоў росту і развіцця. З такімі гора-сем’ямі даводзіцца спраўляцца ўсім светам — ад школы і адпаведных камісій да сельвыканкама і ўчастковага інспектара РАУС.
На шчасце, ёсць і палярныя неблаганадзейным сем’і, дзе бацькі самі вядуць здаровы лад жыцця і далучаюць да яго сваіх хлопчыкаў і дзяўчынак, фізічна актыўныя, вырошчваюць на сваіх прысядзібных участках экалагічна чыстую гародніну, трымаюць гаспадарку і адпаведна маюць сваё мяса, малако, яйкі. Яшчэ ніхто не змог аспрэчыць карысць натуральных вясковых прадуктаў.
Рэгулярныя курсы павышэння квалі­фікацыі, семінары і канферэнцыі, самаадукацыя дапамагаюць гераіні артыкула быць у курсе сучасных медыцынскіх тэхналогій і прэпаратаў. За слушныя парады ў прафесійнай дзейнасці яна ўдзячная галоўнаму ўрачу Гарадоцкай ЦРБ В.В. Самсонаву, яго намеснікам С.І. Гурынай, В.Б. Зяленінай. Але ёсць у выздараўленні хворага, акрамя правільна абранай схемы лячэння, фактар, аб якім гавораць усе ўрачы, і Галіна Віктараўна не стала выключэннем. Яна ўзгадала аб нябачнай сувязі паміж лекарам і хворым. Калі пацыент давярае свайму доктару, спакойны за ягоныя прафесійныя і чалавечыя якасці, ён хутчэй ідзе на папраўку. Ейныя пацыенты, на шчасце, — таксама.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *