Каб палепшыць электразабеспячэнне

Актуальное

  Комплекс мерапрыемстваў па рэканструкцыі электрычных сетак у Гарадку, г.п. Езярышча і аграгарадку Бычыха ўключае замену адпрацаваўшага свой эксплуатацыйны тэрмін абсталявання (правадоў, кабеляў, апораў ЛЭП, прыбораў на падстанцыях) на больш сучаснае. Гэта будзе спрыяць надзейнасці забеспячэння прадпрыемстваў, арганізацый і насельніцтва электратокам.electriki
Як расказаў газеце начальнік Гарадоцкага раёна электрасетак філіяла «Віцебскія электрычныя сеткі» В.М. Петрачэнка, дэмантаж старога і ўсталяванне новага абсталявання былі распачаты напрыканцы мінулага года. На бягучы момант да плана выканана 65% намечаных работ.
— Дэмантаж выконваюць тры брыгады электраманцёраў па эксплуатацыі размеркавальных сетак нашай арганізацыі, — распавядае Васіль Міхайлавіч. — Вядома, нам адным было б не па сілах выканаць такія значныя аб’ёмы работ, кошт якіх складае больш за 20 млрд рублёў. Таму на дапамогу прыйшлі калегі-электрыкі з ААТ «Белсельэнергабуд», БМУ-2 і ПМК-3 г. Віцебска. Яны занятыя на мантажы новага абсталявання, але мы кантралюем гэты працэс.electriki-1
Замене падлягаюць каля 40 км нізкавольтных (0,4 кВ) і высокавольтных (10 кВ) ліній электраперадачы. Правіламі электразабеспячэння прадугледжана ўстаноўка 25 жалезабетонных апор на кіламетр. Калі раней іх вага складала 670 кг, і паглыбляліся яны ў зямлю на глыбіню да 1,8 м, цяпер яны важаць 850 кг і заглыбляюцца на 2-2,2 м. Адпаведна яны становяцца больш трывалымі. Раней на апорах замацоўвалася да пяці правадоў, якія падчас моцных вятроў перахлёстваліся, чапля­ліся за расліннасць, адчаго здараліся кароткія замыканні і прападала электрычнасць. Сучасныя правады ізаляваныя і скручаныя ў адзіны жгут, які вядзецца па апорах з дапамогай новых мацаванняў. Прадугледжаны вынас за межы домаўладанняў электрычных шафаў з электроннымі лічыльнікамі, што дазволіць папярэдзіць крадзяжы электраэнергіі. Такія інавацыі закрануць больш як 2000 абанентаў.
Каб не пакідаць іх без святла, дэмантаж і мантаж абсталявання выконваюцца адначасова, сур’ёзных нараканняў на доўгую адсутнасць электрычнасці не было. Усе работы выконваюцца згодна з папярэдне зацверджанымі праектамі. Зручнасць для індывідуальных спажыўцоў электраэнергіі заключаецца яшчэ і ў тым, што апоры ЛЭП па магчымасці пастараліся вынесці з іх участкаў на грамадскія землеўладанні.
У цэнтры горада на размеркавальны пункт пракладзены новы высокавольтны кабель, уладкаваны дзве новыя падстанцыі, працягваецца рамонт на 30 падстанцыях. Усё — ад замены замартызаванага абсталявання да ўсталявання металачарапічных дахаў, атынкоўкі і пафарбоўкі будынкаў — вядзецца Гарадоцкім раёнам электрасетак гаспадарчым спосабам, без прыцягнення пабочных арганізацый. Такім жа чынам будзе выкананы рамонт адміністрацыйнага будынка.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымках: ідзе дэмантаж апораў ЛЭП на вул. Чкалава;
  новы провад замацоўвае электра­манцёр Сяргей Фядотаў.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *