На пашы — круглыя суткі

Актуальное Дела аграрные

  Сёлетняе ранняе цяпло і неблагі травастой дазволілі выганяць кароў на пашу ўжо з 22  красавіка. Да канца мінулага месяца 24 гурты з усіх малочнатаварных фермаў агульнай колькасцю 4,5 тыс. кароў былі пераведзены на кругласутачнае пашавае ўтрыманне і даенне ў перасоўных даільных устаноўках. Па стану на 26 мая сярэднесутачныя надоі па раёне складаюць 12 кг малака. Нягледзячы на тое, што колькасць кароў у грамадскім статку ў параўнанні з мінулым годам скарацілася на 500 галоў, зараз раён здае малака не менш, чым летась, — у сярэднім па 70 т за дзень.Kozlova
Першыя дні пашавага ўтрымання — своеасаблівы стрэс для жывёлы, таму, акрамя «зялёнкі» у рацыёне рагуль заставаліся і працягваюць заставацца канцэнтраты. Па рэкамендацыі ўпраўлення райсельгасхарчу іх павінна выдавацца ад 100 да 300 грамаў на кожны надоены ад каровы кілаграм малака. Аднак яго вытворчасць на пашавым утрыманні амаль поўнасцю засноўваецца на выкарыстанні ў агульным сутачным рацыёне зялёных кармоў (больш за 75%).
На працягу 24 гадзін карова паядае корм у 3-5 перыядаў — да 70 кг травы, на што затрачвае 10-12 гадзін. У спякотныя, як апошнім часам, дні спажыванне корму з 11.00 да 16.00 гадзін прыкметна зніжаецца, але павялічваецца ў ранішнія і вячэрнія гадзіны. Таму так важна, каб да гэтага часу кароў пераганялі на свежыя ўчасткі. Пакуль трава сакавітая і не перарасла пажаданыя 15-20 см, але не надта густая — сказваецца недахоп дажджоў. Вельмі важна своечасова абкошваць і падкормліваць страўленыя жывёле ўчасткі. Неабходна памятаць, што для вытворчасці 1 кг малака карове неабходна спажыць 4-5 кг вады. Адпаведна, вада ў паілках павінна быць бесперапынна, жывёле трэба даваць злізваць соль.
— Пасля пераводу статка на пашавае ўтрыманне надоі ад кароў павялічыліся і ўтрымліваюцца на ўзроўні не менш 13 кг у дзень ад рагулі, — расказвае загадчыца МТФ «Бярозаўка» Гарадоцкага РАПСу Святлана Рудакова. — Усе даяркі, пяцёра асноўных і адна падменная, што абслугоўваюць статак у 280 галоў, захоўваюць гігіенічныя патрабаванні — пасля кожнага даення старанна мыюць гарачай вадой з выкарыстаннем мыючых сродкаў даільнае абсталяванне. Мы неадкладна адвозім малако ў Гарадоцкі перапрацоўчы цэх ААТ «Віцебскае малако». Таму здаём прадукцыю гатункам «Экстра», кошт якога складае 4798 рублёў за кілаграм.
У лідарах па надоях на кругласутачным пашавым утрыманні жывёлы трымаюцца МТФ «Лажане» Гарадоцкага РАПСу (16,1 кг ад каровы ў суткі), «Валадарка» УП «Паўночны» (15,1 кг), СРДУП «Улі­шыцы-Агра» (14,7 кг). Разам з тым на МТФ «Вышадкі» КУСГП імя Дзімітрава надойваюць усяго па 3,6 кг малака.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: сёлета аператар машыннага даення Алена Казлова (МТФ «Бярозаўка») працуе на раздоі статка нецеляў.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *