Сяўба — гэта пачатак

Актуальное Дела аграрные

  — Аграрыі правялі сяўбу ў аптымальныя тэрміны, — зазначае Павел Паўлавіч. — Да 9 мая былі пасеяны яравыя зерневыя і зернебабовыя на плошчы 11385 га,  рапс на 500 га, лён на 300 га, да 20 мая завершана сяўба кукурузы на плошчы 3000 га, на вытворчых участках каледжаў завяршаецца пасадка гародніны. Такім чынам, яравыя культуры будуць расці на плошчы ў 15540 га, як і было запланавана.selo
Трэба зазначыць, што тэхніка да пасяўной кампаніі была падрыхтавана своечасова, не дапускаліся яе прастоі, парушэнні працоўнай дысцыпліны, своечасова завозіліся паліўныя і гаруча-змазачныя матэрыялы. Было закуплена 190 т элітнага насення яравых зерневых культур . Аднак, забяспечанасць гаспадарак раёна мінеральнымі ўгнаеннямі складала 45%, у тым ліку азотнымі — 46%, фосфарнымі — 16%, калійнымі — 58%. Зараз актыўна вядзецца догляд за пасевамі, у прыватнасці, уносяцца азотныя ўгнаенні, ужо падкормлена больш за паўтары тысячы гектар яравых зерневых.
У ліку гаспадарак, дзе сяўба прайшла дружна і арганізавана, П.П. Курачонак найперш назваў ААТ «Птушкафабрыка Гарадок», СРДУП «Улішыцы-агра», КУСГП імя Свярдлова і «Сцяпанавічы». Выконваючы абавязкі дырэктара апошняга з прадпрыемстваў В.І. Іванец, стаж якога ў сельскай гаспадарцы доўжыцца з 1976 года, адметнасцю сёлетняй сяўбы лічыць істотную дапамогу шэфскіх арганізацый. У прыватнасці, Гарадоцкая ПМК-51 за свой кошт поўнасцю адрамантавала патрэбны ў гаспадарцы культыватар. У рамонце і набыцці запчастак дапамагалі шэфы з абласнога цэнтра — ААТ «Аўтатранспартнае прадпрыемства № 5 г. Віцебск», «Цеплаэнергетык г. Віцебск» і іншыя. Падтрымаў «Сцяпанавічы» пяццю адзінкамі тэхнікі Гарадоцкі аграрна-тэхнічны каледж. Гэта адпавядае дзяржаўнай палітыцы ў галіне сельскай гаспадаркі — каб гарады і прадпрыемствы дапамагалі вёсцы: яна ж усіх нас корміць.
— Фактычна мы засеялі пшаніцай, ячменем і аўсом 1070 га земляў, крыху болей, чым было запланавана, 300 га кукурузы, — зазначае Віктар Іванавіч. — Забяспечаннасць насеннем была стопрацэнтная, закупілі і 10 т элітнага ячменю. Паліва набывалі за бюджэтныя сродкі, 150 млн рублёў з бюджэту было выдаткавана на набыццё запчастак. Мелі запас мінеральных угнаенняў, азотныя і калійныя ўнеслі на ўсіх плошчах, не хапіла крыху фосфарных.
Годна праявілі сябе на пасяўной механізатары гаспадаркі, на плечы якіх лягла асноўная нагрузка. На падрыхтоўцы глебы працавалі Аляксандр Гаўрылаў і Анатоль Бяззубенка, забяспечвалі своечасовы падвоз насення і ўгнаенняў браты Андрэй і Канстанцін Лось, на падкормцы траў і ўнясенні ўгнаенняў былі занятыя Аляксандр Зуеў, Уладзімір Еўдакімаў, Сяргей Валевіч. З першага дня працаваў на сеялцы Аляксандр Маліноўскі (на здымку), якога мы засталі на полі падчас завяршэння сяўбы кукурузы. Удала ўпісаўся ў кампанію механізатараў са стажам практыкант з Ульскага сельскагаспадарчага ліцэя Алег Ільюшачкін.
Некалькі дзён зацішку, якія ў сельскіх гаспадарках выкарыстоўваюць для падрыхтоўкі адпаведнай тэхнікі і прыстасаванняў, — і наступіць час зялёнага жніва. Гарачая пара працягваецца.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.           Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *