Як кветкі пад касою смерці

Актуальное

 Гэты газетны артыкул падрыхтаваны паводле матэрыялаў краязнаўчага музея Езярышчанскай СШ. Па крупінках звесткі аб рэжыме рабаўніцтва, ганьбы, здзекаў, гвалту, беспадстаўных і беспакараных забойстваў, устаноўленым на нашай зямлі нямецка-фашысцкімі акупантамі, збіралі настаўнікі і вучні школы. Тыя, хто былі сведкамі злачынстваў нелюдзяў, і сёння заклікаюць: на такое нельга забывацца!zvezda  Фашысты занялі Езярышча 17 ліпеня. Найперш яны захапілі будынкі райвыканкама і райкама партыі, бальніцы, школы. Ля яе быў створаны лагер для ваеннапалонных і мірных жыхароў. Акупанты замахваліся на святыні: ля вакзала танкам была зруйнавана свежая магіла сямі вайскоўцаў (сведкі сцвярджаюць, што там былі пахаваны лейтэнант, дзяўчына-санінструктар і пяцёра чырвонаармейцаў), што загінулі пры бамбёжцы эшалона, які ішоў у бок Невеля. У Езярышчы была створана нямецкая камендатура, жандармерыя, паліцыя, у навакольных вёсках назначаны бургамістры.
…Шаўца І.Р. Баркова з в. Ткачы захопнікі прымусілі рамантаваць ім абутак. Аднойчы, калі па дарозе Маляваны-Езярышча немец вёз на кані адрамантаваны абутак, у яго нехта кінуў гранату. Магчыма, гэта быў хтосьці з чырвонаармейцаў-акружэнцаў, можа, мясцовы змагар-адзіночка, але конь быў паранены, воз разбіты, а немец уцалеў і дабраўся да Езярышча.
Некалькі дзён рэакцыі на той выпадак не было. Жыхары Ткачоў займаліся самай што ні на ёсць сялянскай справай — нарыхтоўвалі сена. Амаль усе дарослыя са світанку былі на сенажацях. Раніцай вёску акружылі карнікі, расставілі кулямёты і бронемашыны. Яны падпалілі крайнюю ў вёсцы хату ўдавы Е.І. Барковай, муж якой загінуў у Савецка-фінскую вайну. Гаспадыня ўвіхалася на лузе, а ў хаце заставаліся трое малалетніх дзяцей. Фашысты разлічвалі сыграць на пачуццях аднавяскоўцаў, якія ніколі не пакідалі адзін аднаго ў бядзе. Людзі, заўважыўшы пажар, як адзін, кінуліся тушыць яго і такім чынам сабраліся ля злашчаснай хаты. Здалёк заўважыўшы ворагаў і сцяміўшы, што гэта падпальванне — правакацыя, некаторыя кінуліся наўцёкі. Па іх пачалі страляць, смяротна быў паранены ў жывот Франк Бялевіч. Астатніх прымусілі сесці ў машыну, маўляў, павязуць высвятляць абставіны выбуху гранаты.
Пазней старых і малых ссадзілі з машыны, а дзевяцера мужчын — маладых, дужых, працавітых калгаснікаў — давезлі да нізіны паблізу езярышчанскіх могілак, дзе рос хмызняк, і прымусілі спешыцца. Моўчкі фашысты падрыхтаваліся і, нягледзячы на маленні няшчасных, адкрылі па пастроеных у рад мужчынах аўтаматны агонь. Як палявыя кветкі пад касою смерці, пападалі на родную зямлю нявінныя сяляне: Іван Кароўка, Іван Барысенка, Сямён Логінаў, Аляксей Сотнікаў, Уладзімір Юргілевіч, Цімафей Слямнёў, Уладзімір Яшчанка, Васіль Грыўкоў, Павел Баркоў. Пасля разрыўнымі кулямі ў патыліцу дастрэльвалі тых, хто падаваў прыкметы жыцця. Аб гэтым расказаў У.К. Юргілевіч, што быў у ліку смяротнікаў, але застаўся жывы, заліты крывёй таварыша, і яго, страціўшага прытомнасць, нелюдзі палічылі мёртвым. Тады выжыў і І.А. Барысенка, два месяцы яго, цяжка параненага ў галаву, выходжвалі невельскія медыкі, але ў 42-м паліцаі ўсё ж расстралялі Івана — проста праз дзверы ў ягонай жа хаце…
Так усталёўвалі акупанты «новы парадак» на савецкай зямлі. Але людзі не скараліся. Вясной 1942 г. многія жыхары Ткачоў пайшлі ў партызаны — каб помсціць за сваіх расстраляных таварышаў, ваяваць за вызваленне Радзімы, набліжаць Перамогу…
Падрыхтавала Святлана ЯКАЎЛЕВА.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *