З мэтай паступіць

Актуальное

  Літаральна праз месяц выпускнікі 9-х і 11-х класаў школ, прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў са свайго статусу пяройдуць у новы — абітурыентаў. Абіраючы жыццёвы шлях, яны могуць скарыстацца магчымасцю атрымаць накіраванні для набыцця адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў. У выпадку паступлення на такіх умовах студэнтам гарантуецца даплата да стыпендыі ад заказчыка і першае працоўнае месца.abiturient
Патэнцыяльныя «мэтавікі» павінны пражываць у сельскай мясцовасці не менш за два гады на момант атрымання адукацыі ці ў населеных пунктах з колькасцю насельніцтва менш за 20 тыс чалавек. У дакуменце аб адукацыі па прадметах уступных іспытаў у адпаведнасці з профілем (накірункам) спецыяльнасці прэтэндэнт павінен мець адзнакі не менш за пяць балаў.
Колькасць мэтавых месцаў зацвярджаецца па спецыяльнасцях заснавальнікамі навучальных устаноў, у тым ліку па медыцынскіх і сельскагаспадарчых спецыяльнасцях  — да 60%, а па іншых спецыяльнасцях — да 30%, (у ВНУ — да 40%) ад кантрольных лічбаў прыёму.
Падставай для ўдзелу ў конкурсе на мэтавую падрыхтоўку спецыяліста з’яўляецца дагавор, складзены па ўстаноўленай форме ў трох экзэмплярах і падпісаны абітурыентам і заказчыкам. Колькасць заяў, якія падаюць абітурыенты для ўдзелу ў конкурсе на мэтавыя месцы, не абмежаваная.
Каб атрымаць дыплом, не трэба далёка ездзіць: у райцэнтры працуюць два профільныя каледжы. Напрыклад, у ГДПТКСВ імя І.В. Дарошчанкі ў цяперашні час вучацца 113 «мэтавікоў», у ГДАТК — 145. Адзін з іх, Аляксей Шарэнда з гр. 3 мтз А, сказаў наступнае:
— Я заключыў дагавор на набыццё адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі з СУП «Саўгас імя Машэрава», цэнтрам якога з’яўляецца мая родная вёска, а з 2005 г. аграгарадок Машканы. Там усё жыццё працуюць мае бацькі, у час летніх канікулаў трактарыстам і памочнікам камбайнёра працаваў і я сам. Зараз атрымліваю даплату да стыпендыі ад гаспадаркі ў памеры дзвюх базавых велічынь. Планую, што па заканчэнні каледжа буду ў саўгасе інжынерам па ахове працы. Тэрмін абавязковай адпрацоўкі ў тры гады мяне не бянтэжыць, думаю завочна паступаць у ВНУ, каб удасканальвацца і расці ў прафесіі.
Яшчэ адзін субяседнік, гарадакчанін Васіль Тарасаў (гр. 1 эз А) бачыць перавагу з таго, што заключыў такі ж дагавор з упраўленнем Гарадоцкага райсельгасхарчу, у тым, што, хоць ён не атрымлівае даплат да стыпендыі, яго першым працоўным месцам будзе адно з сельгаспрадпрыемстваў свайго раёна, не трэба будзе ад’язджаць далёка ад сям’і.
Гарадоцкі раён мае адчувальную патрэбу ў кадрах па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях, таму права заключыць дагавор на атрыманне адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі маюць упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і непасрэдна сельгасарганізацыі. Загадзя паклапаціцца аб тым, дзе вучыцца, ці атрымліваць дадатковы матэрыяльны стымул, куды прыйсці на першае працоўнае месца, выпускнікам варта ўжо цяпер.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *