Акультурыць, каб пасля гаспадарыць

Актуальное

1 чэрвеня сваё прафесійнае свята, Дзень меліяратара, адзначылі людзі, з чыёй дапамогай на месцах тваняў і балот утвараюцца землі, прыдатныя для вырошчвання ўраджаю і будаўніцтва дамоў. У Гарадоцкім  раёне віноўнікі ўрачыстасці — 102 чалавекі, што працуюць на Гарадоцкім прадпрыемстве меліярацыйных сістэм. Менавіта іх рукамі і рукамі ветэранаў працы мясцовай ПМС па большай частцы асушаны і ўведзены ў сельскагаспадарчы севазварот 27 905 га земляў Гарадоччыны.melioratory
Традыцыйна на абслугоўванні меліяратараў застаецца адкрытая сетка працягласцю 1070 км і закрытая даўжынёй 10665 км. Абкошванне адкосаў і бермаў каналаў, зводка драўняна-хмызняковай расліннасці, аграмеліярацыйныя мерапрыемствы — штодзённыя клопаты работнікаў ПМС. Сёлета да іх выканання далучылася аб’ёмная работа па падрыхтоўцы да «Дажынак-2014».
У цяперашні час дзевяць адзінак тэхнікі Гарадоцкай ПМС занятыя на будаўніцтве меліярацыйнай сістэмы «Раўбічы» ААТ «Птушкафабрыка Гарадок» плошчай 130 га, субпадрадчыкамі на якой выступаюць таксама Шумілінская і Лепельская ПМС. Калегамі выканана работ больш як на 6,5 млрд руб. Працуюць гарадоцкія асушальнікі (тры адзінкі тэхнікі) разам з лепельцамі на будаўніцтве сістэмы «Кажамякі» ААТ «Гарадоцкі льнозавод» плошчай 178 га, дзе з выдаткаваных з абласнога бюджэту 3 млрд 920 млн руб асвоена 2 млрд 70 млн руб (па стану на 25 красавіка). Дзве адзінкі тэхнікі занятыя на аграмеліярацыйных мерапрыемствах на сістэме «Маякоўскага», таксама ільнозавода, дзе з 431 млн руб асвоена 91 млн руб (па стану на гэтую ж дату).
Кошт выкананых мясцовымі меліяратарамі работ за студзень-красавік 2014 г. склаў: па меліярацыі — 2 млрд 721 млн руб; па эксплуатацыі — 828 млн руб, у тым ліку па тэхнічнаму догляду — 752 млн руб; па дапамозе іншым заказчыкам — 520 млн руб. За чатыры месяцы тэмпы росту падрадных работ склалі 216% да ўзроўню мінулага года ў параўнальных цэнах.
Дапаўняючы вядомую прыказку, што адзін у полі не воін, меліяратары ўсміхаюцца: «Воін, калі ён — на трактары». На ўзбраенні ў машына-трактарным парку Гарадоцкай ПМС 10 трактараў МТЗ, адзін К-700, шэсць бульдозераў, два многакаўшовыя экскаватары для ўкладкі дрэнажу, пяць аднакаўшовых экскаватараў. Толькі за апошнія два гады сюды далучыліся набытыя па лізінгу аўтамабіль тэхнічнай дапамогі, аўтапалівазапраўшчык, тры гусенічныя бульдозеры «Шантуй Т-10», экскаватар ЕТ-18-20 LC, трактар МТЗ 1502-01 на гусенічнай хадзе, вахтавы аўтобус.
Уся тэхніка знаходзіцца ў надзейных механізатарскіх руках: Васіля Сцяпанава, Міхаіла Шэнца, Аляксея Масленага, Уладзіміра Башмакова, Сяргея Самарына, Аляксандра Лішакова, Мікалая Ціхамірава. Гэтыя надзейныя мужчыны, аплот свайго прадпрыемства, цвёрда стаяць на зямлі, якую акультурваюць, не толькі з думкай пра грошы, але і пра тое, каб на ёй эфектыўна гаспадарылі сяльчане, бераглі і шанавалі яе.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: Васіль Губарэнка, Алена Музычэнка, Міхаіл Шніпаў занятыя на ўкладцы новага сучаснага дрэнажу ля в. Вархі.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *