Год выдаўся прадуктыўным

Актуальное Образование

  Вынікі 2013-14 навучальнага года былі падведзены УА «Гарадоцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж» 29 мая падчас цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу «Крок да поспеху». У намінацыі «Навучэнец года» чатырох годных сапернікаў перамог Вадзім Шаура (гр. 4 мтз). Лепшым з трох сапраўдных важакоў ў намінацыі «Я — лідар» быў названы Сяргей Арцюх, старшыня савета інтэрната № 3 (гр. 3 тз Б). У намінацыі «ВіТА» (натхненне і талент) лепшым з ліку чатырох прэтэндэнтаў названы спявак Дзмітрый Латышаў (гр. 3 мтз), а мастак Эдгар Кулакоў (гр. 4 тз А) атрымаў гран-пры. З траіх лепшых спартсменаў найлепшым стаў Уладзімір Шаманоўскі (гр. 2 тз Б). Прызнанне Аляксандра  Домніна (гр. 4 тз Б) сярод трох сапернікаў улюбёнцам публікі было сустрэта шквалам аднадушных апладысментаў — сапраўды заслужыў.GGATK
Выступаючы на мерапрыемстве, дырэктар каледжа Ю.М. Дуброва падкрэсліў, што яно — знакавае для ўстановы. Яе педагогі імкнуцца стварыць умовы не толькі для навучальнай і вытворчай дзейнасці, але і для развіцця здольнасцяў навучэнцаў, прывіцця ім сімпатый да карыснага баўлення вольнага часу праз заняткі ў творчых калектывах, спартыўных секцыях. Не застаецца па-за ўвагай адміністрацыі вырашэнне бытавых і іншых пытанняў хлопцаў і дзяўчат, што выбралі для атрымання адукацыі ГДАТК. Сумесныя намаганні тых, хто працуе ў каледжы і тых, хто ў ім вучыцца, і ствараюць яго рэйтынг.
— Падрыхтаваць добрага спецыяліста — гэта толькі палова справы, — зазначыў Юрый Мікалаевіч. — Важна яшчэ выхаваць асобу, здольную быць карыснай людзям і грамадству. На гэта мы і скіроўваем нашу моладзь.
На працягу года, як было падлічана, поспехі рабят былі адзначаны на мерапрыемствах раённага, галіновага, рэспубліканскага ўзроўняў розных накірункаў больш як 40 граматамі. Каледж ганарыцца камандамі тэхнікаў, забеспячэнцаў і электрыкаў, якія ў рэспубліканскім конкурсе сярод навучэнцаў ССНУ, падпарадкаваных Мінсельгасхарчу, занялі адпаведна два другіх і першае месцы (гл. «Гарадоцкі веснік» № 28 ад 12.04.2014 г.). Сёлета сямёра выпускнікоў каледжа прэтэндуюць на дыпломы з адзнакай.
А як не ўзгадаць паспяховае выступленне на IХ рэспубліканскім фестывалі калектываў ССНУ «Студэнцкая аграрная вясна-2014»? Каманда каледжа «Дыяметральна паралельна» (капітан Аляксей Кавецкі, гр. 2 эз Б) стала абсалютным чэмпіёнам у інтэлектуальных гульнях «Свая гульня», «Што? Дзе? Калі?», «Медыя-азбука». Да трыа ў складзе Станіслава Галузы, Аляксандра Домніна і Дзмітрыя  Латышава, што ў лютым стала дыпламантам абласнога конкурсу «Песні юнацтва нашых бацькоў», далучыўся Арцём Лушчык, і ўжо квартэт на «Аграрнай вясне» адзначаны дыпломам. А Аляксандр асабіста стаў пераможцам у конкурсе канцэртных праграм.
Каманды ГДАТК па тэнісу, міні-футболу, валейболу сёлета занялі трывалую першую пазіцыю на раённых спаборніцтвах. Тэнесісты дасягнулі трэцяй ў рэспубліцы пазіцыі сярод навучэнцаў ССНУ АПК. Па выніках абласной спартакіяды сярод навучэнцаў аналагічных сярэдніх спецыяльных устаноў спартсмены з ГДАТК — на другім пачэсным месцы.
Колькі высакародных спраў і карысных акцый — патрыятычных, экалагічных, за здаровы лад жыцця праве­дзена ў каледжы! Успомнім хаця б традыцыйны «Вясенні тыдзень дабрыні», падчас якога рабяты сабралі і перадалі ў Езярышчанскі і Віцебскі сацыяльна-педагагічныя цэнтры канцэлярскія прыналежнасці, садавіну, ласункі, наведалі дзяцей у іх.
На працягу бягучага навучальнага года ў каледжы працавала камісія Беларускага дзяржаўнага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў па стандартызацыі, метралогіі і кіраванню якасцю, упаўнаважаная ажыццяўляць сертыфікацыю. Па выніках праведзеных праверак 21 красавіка навучальнай установе выдадзены сертыфікат адпаведнасці тэрмінам на тры гады. Ён сведчыць, што сістэма менэджменту якасці ў дачыненні да ажыццяўлення адукацыйнай дзейнасці (падрыхтоўкі спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй), правядзення выхаваўчай і ідэалагічнай работы ў ГДАТК адпавядае стандартам Рэспублікі Беларусь і міжнародным стандартам.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: пераможцы па выніках 2013-2014 г. С. Арцюх, Д. Галуза,
У. Шаманоўскі, у другім радзе — Э. Кулакоў і А. Домнін.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *