Са святам, Уладзімір Максімавіч!

Актуальное

  У гэтыя чэрвеньскія дні свой 75-гадовы юбілей адзначыў наш вядомы зямляк — таленавіты паэт і перакладчык Уладзімір Скарынкін. Такая значная дата на жыццёвым адрэзку чалавека — нагода азірнуцца назад, паглядзець, што паспеў зрабіць у шэрагу мітуслівых будняў, ацаніць, што ячшэ наперадзе, там, за зманліва блізкай і адначасова далёкай лініяй небасхілу. Мы прапануем вам, дарагія чытачы, бліжэй пазнаёміцца з творчымі і жыццёвымі вехамі біяграфіі Уладзіміра Максімавіча.Scorinkin
Нарадзіўся У.М. Скарынкін 7 чэрвеня 1939 года ў Віцебску ў сям’і служачага. Яшчэ да вайны ягоны бацька прыехаў працаваць у Гарадок. Тут ён пабудаваў хату, адсюль пайшоў на фронт…
Так здарылася, што Уладзіміру Скарынкіну не прыйшлося расці ў пяшчоце, у цішыні і радасці. Будучы зусім маленькім, ён апынуўся ў пекле фашысцкіх лагераў: у 4-гадовым узросце разам з маці быў сагнаны ў Нямеччыну, у Бромберг (цяпер г. Быдгашч, Польшча).
Пасля вайны сям’я вярнулася ў Гарадок і стала жыць у бацькавай хаце. У 1946 годзе Валодзя пайшоў у школу, якая месцілася  ў прыватных дамах. У першым класе хлопчык вучыўся ў адной хаце, у другім — у другой, у трэцім класе вучні змянілі аж тры хаты за зіму. Потым У. Скарынкін перайшоў у сярэднюю школу № 2, якую скончыў з залатым медалём.
Захапляцца паэзіяй пачаў рана. Першы верш «Першы яблык» з’явіўся ў газеце «Піянер Беларусі» яшчэ ў школьныя гады.
Пасля заканчэння школы паўстала пытанне — чаму сябе прысвяціць? Каб маці не трэба было дапамагаць яму вучыцца, паступіў у Рыжскае вышэйшае інжынерна-авіяцыйнае ваеннае вучылішча, якое ў 1960 годзе пераўтварылі ў Рыжскі інстытут інжынераў грамадзянскай авіяцыі. Вершы адышлі на другі план: пісаў мала, друкаваўся рэдка.
Пасля заканчэння інстытута У. Скарынкін дзевяць гадоў працаваў інжынерам у Мінскім аэрапорце і 12 гадоў — начальнікам аварыйна-выратавальнай службы Беларускага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі.
Менавіта авіяцыю У. Скарынкін абраў у спадарожнікі свайму паэтычнаму лёсу. Першую кнігу паэта «Буслы над аэрадромам» адкрыў верш «Беларусі» — ма­літва роднай зямлі. Гэта была і першая песня У. Мулявіна — музыканта і кампазітара, заснавальніка і мастацкага кіраўніка ансамбля «Песняры». Першыя ноты гэтай песні, напісанай на вершы нашага земляка, вось ужо колькі год з’яўляюцца пазыўнымі «Рыдыёфакта».
Творчым натхненнем, музай, сябрам Уладзіміра Скарынкіна на працягу ўсяго жыцця застаецца яго жонка Валянціна Луцэвіч — траюрадная пляменніца Янкі Купалы. Разам з ёю яны спасцігалі навукі з першага да сёмага класа ў Гарадоцкай СШ № 2. Потым лёс звёў іх у Мінску, дзе і нарадзілася сям’я Скарынкіных. У. Скарынкін прысвяціў сваёй Валянціне верш «Благаслаўляю і люблю», словы якога былі перакладзены на музыку эстрадным спеваком Дз. Смольскім.
Яшчэ адно каханне Уладзіміра Максімавіча — шчырае, светлае, балючае — каханне да родных мясцін, дзе прайшло яго дзяцінства, школьныя гады. У. Скарынкін ніколі не забывае пра свой Гарадок, наведвае яго, бо тут усё такое знаёмае і дарагое…
Сапраўдны подзвіг здзейсніў Уладзімір Максімавіч: упершыню пераклаў з італьянскай на беларускую мову «Боскую камедыю» Дантэ Аліг’еры. За што быў удастоены звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, а таксама Нацыянальнай прэміі Італіі.
Зараз У.М. Скарынкін займаецца перакладамі для беларускіх тэатраў. У красавіку гэтага года віцебскія гледачы пабачылі ў тэатры імя Якуба Коласа спектакль Л. Філатава «Дыліжанс» у перакладзе У. Скарынкіна на беларускую мову.
І гэта толькі асобныя ўрыўкі насычанага творчага жыцця «крылатага паэта» Гарадоччыны.
Карыстаючыся выпадкам, шчыра віншуем ганаровага юбіляра з персанальным святам. Здароўя Вам, творчага натхнення, доўгіх гадоў жыцця, паважаны Уладзімір Максімавіч!
Падрыхтавала Ганна НАВУМАВА.
 На здымку: У.М. Скарынкін на мінулагоднім свяце «Гарадоцкі Парнас».
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *