Самы славуты ананім

Актуальное

  Яшчэ трыццаць гадоў таму падалося б немажлівым адзначаць юбілей аўтара «Тараса на Парнасе». Імя Канстанціна Вераніцына спакваля займае месца ў беларускай літаратуры з13 лістапада 1973 г., калі даследчык Генадзь Кісялёў адшукаў першыя згадкі пра яго ў Гістарычным архіве. Яшчэ ў 80-я  не ставала доказаў на карысць канкрэтнай асобы, хоць сакрэт аўтарства ляжаў на паверхні. Указанне на тое, што аўтарам «Тараса на Парнасе» быў К. Вераніцын, утрымлівалася ў рукапіснай хрэстаматыі беларускай літаратуры, якую ў другой палове ХIХ ст. складаў даследчык Аляксандр Рыпінскі.Kiselev
Спачатку Кісялёў быў упэўнены, што Вераніцын — псеўданім. Таму шукаў па архі­вах звесткі пра ўсіх магчымых Канстанцінаў. І раптам у дакументах Горацкай земляробчай акадэміі за 1857-1858 гады знаходзіць звесткі пра найпершага выдатніка Канстанціна Вераніцына. Паступова вобраз аўтара «Тараса на Парнасе» паўстаў перад намі ў многіх падрабязнасцях.
Канстанцін Васільевіч Вераніцын нарадзіўся 13 (1 па старым стылі) чэрвеня 1834 г. у вёсцы Астраўляны Віцебскага павету Віцебскай губерніі. Быў  па нараджэнні прыгонным, як і яшчэ адзін Тарас — украінец Шаўчэнка. Літаратуразнаўцы неаднойчы звязвалі з ім загаловак паэмы. Яшчэ Аляксандр Рыпінскі, перапісваючы «Тараса на Парнасе» ў свае сшыткі, сцвярджаў: «Прыпавесць гэтая напісаная з нагоды нечаканага з’яўлення ў рускай літаратуры паэзіі простага маларасійскага казака Тараса Шаўчэнкі ў яго народнай гаворцы. Шмат нарабіў ён голасу».
Толькі Шаўчэнка, атрымаўшы адпускную, застаўся Шаўчэнкам. А наш паэт пасля атрымання «вольнай» ад свайго пана Васіля Бондарава (на думку Г. Кісялёва, не выключана, што наш Вераніцын быў яго пазашлюбным сынам), выбраў сабе прозвішча Вераніцын. Атрыманая ад пана вольная не стала адзінкавай успамогай 12-гадоваму хлопчыку. Ужо сын астраўлянскага ўладальніка, «адстаўны падпалкоўнік Міхал Бондараў», 28 жніўня 1845 г. пісаў просьбу на імя інспектара вучэльняў у Віцебскай губерніі, каб падлетка «прынялі ў той клас, у які па іспыце вартым падасца». Пасля сямігадовай вучобы ў гімназіі (1845-1852, а перад тым была Гарадоцкая парафіяльная школка) прага да навукі прывяла юнака ў Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію (1852-1854).  Вучобай у Пецярбургу тлумачыцца веданне «парнаскіх» рэалій, гнуткі верш «пушкінскай паэтычнай школы», які гэтак зграбна загучаў у творы.
А потым была вучоба ў слыннай Горы-Горацкай «акадэміі», куды Кастусь Вераніцын паступіў у 1857 г. адразу на трэці курс, а ў 1859 г. у ліку найлепшых студэнтаў скончыў «земляробчы інстытут» са званнем агранома, абараніўшы дысертацыю «Пра беларускую гаспадарку».
«Тарас на Парнасе» мае ў сабе рысы студэнцкага «капусніка», аналага сённяшніх «Камедзі-клабаў», толькі на непараўнальна вышэйшым інтэлектуальным узроўні. Разлічаная паэма была на лю­дзей адукаваных, знаёмых са светам антычнай міфалогіі. Як сведчыў фалькларыст Еўдакім Раманаў, сяляне ўспрымалі яе як «цікавую байку, але не для нашага розуму». Чаму ж Вераніцын, прадукт расійскай адукацыйнай сістэмы, які ўвабраў у сябе веды пра тую ж антычную культуру, піша  па-беларуску?
Спрацаваў, відаць, фактар Шаўчэнкі, жаданне паспрабаваць па-свойму наследаваць яму. І другое — наўрад ці ў дваццаць гадоў Вераніцын даў бы рады вольна выкладаць думкі па-руску, тым больш вершамі. У ХІХ стагоддзі расій­шчына яшчэ не здолела ўкараніцца ў мове тутэйшага люду ад Смаленшчыны да Беласточчыны, ад Гомельшчыны да Гарадоччыны.
Адзін з вядомых цяпер спісаў паэмы меў пазнаку «15 красавіка 1855 г., Гарадок». Твор, што пашыраўся ў сотнях, калі не тысячах спісаў, толькі праз трыццаць гадоў трапіў на старонкі пазаштатнай газеткі «Минский листок» (1889 г.). Вераніцыну на той час было 55 гадоў. Але ці выпадала пецярбургскаму чыноўніку Міністэрства шляхоў зносін выхваляцца аўтарствам? Дый хто мог тады ведаць, што твор, напісаны чатырохстопным ямбам пушкінскай школы, гэтак цудоўна ўпішацца ў беларускую паэтычную стыхію і стане візітнай карткай нашай, адро­джанай на новай беларускай літаратурай мове, паэзіі?
Язэп Янушкевіч,
(“Наша ніва” ад 13.06.2009 г., са скарачэннямі).
Малюнак Сяргея Харэўскага.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *