Тэрмін даўнасці — не для подзвігу

Актуальное

 Савецкі салдат з аўтаматам, партызан і падпольшчыца на фоне ўзарванага чыгуначнага палатна, а злева ад іх — лаўровая галіна, перавітая стужкай ордэна Славы. Такая выява ўтрымліваецца на пярэднім баку медаля «70 год вызвалення Рэспублiкi Беларусь ад нямецка-фашысцкiх захоп­нi­каў». Узнагароджанне гэтым медалём ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета, якія жывуць на Гарадоччыне, пачалося ў нашым раёне. Узнагарода будзе ўручана 223 чалавекам.medal
Вітаючы пачэсных гасцей, прадстаўнікоў ваеннага пакалення, на ўрачыстасці, што адбылася 17 чэрвеня ў актавай зале Гарадоцкай ДШМ, намеснік старшыні райвыканкама Н.А. Бурунова сказала:
— Напярэдадні такой важнай і значнай падзеі як Дзень вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў кожнага ветэрана, кожнага з прадстаўнікоў старэйшага пакалення, што набліжалі вялікую Перамогу, дзяржава атуляе клопатам. Вырашэнне шэрагу пытанняў жыццязабеспячэння гэтых катэгорый насельніцтва пастаянна знаходзіцца на кантролі мясцовых уладаў. Зараз ажыццяўляюцца матэрыяльныя выплаты ветэранам і іншым грамадзянам, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. Даглядаюцца, рамантуюцца і рэканструюцца воінскія пахаванні — жыве ўдзячная памяць новых пакаленняў да ратнага подзвігу іх продкаў.
Ваенны камісар раёна Д.В. Багумірскі, што ўручаў юбілейныя медалі, падкрэсліў, што яны — толькі малая частка той бязмернай падзякі, якую могуць выразіць прадстаўнікам ваеннага пакалення нашчадкі. Наш абавязак — наперакор ілжывым псеўдагісторыкам захаваць і данесці праўду аб жахах той вайны, тых ахвярах, што ўскладзены на алтар перамогі ў ёй. Старшыня раённага савета вэтэранаў Ж.М. Паметнікава падзякавала ветэранам за іх актыўную жыццёвую пазіцыю і лад жыцця, што можа служыць узорам для пераймання. Няхай спраўдзяцца ўсе пажаданні доўгіх гадоў жыцця, здароўя, энергіі, падтрымкі адзін аднаго і сем’яў, якія гучалі на адрас віноўнікаў урачыстасці!
Святочны настрой стварыў канцэрт, падрыхтаваны настаўнікамі школы мастацтваў. Не шкадавала цёплых слоў для гасцей яе дырэктар і вядучая канцэрта Дзіна Сцяпанава. Музычныя кампазіцыі, спевы навявалі гледачам то лірызм, то гарэзлівасць, кожны з нумароў быў прасякнуты павагай і падзякай да герояў ваеннага ліхалецця. Чакаем іх — гонар і сумленне беларускай зямлі — у пачэсных радах на святкаваннях юбілейнай для краіны даты з новымі заслужанымі ўзнагародамі.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
На здымку: узнагароджанне медалём «70 год вызвалення Рэспублiкi Беларусь ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў».
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *