Гонар і слава Зямлі Беларускай

Актуальное

nezavisimosti  Сем дзесяцігоддзяў прайшло, як Беларусь уздыхнула вольна, скінуўшы кайданы фашысцкага рабства. Счарнелыя ад выбухаў, пажараў і гора буслы зноў сталі белымі і прыносяць пад мірныя дахі немаўлят ужо чацвёртага пасляваеннага пакалення. Адно засталося і застанецца нязменным на нашай шматпакутнай зямлі: на вечнай варце нашага спакою нябачна стаяць салдаты Вялікай Айчыннай. Яны не шкадавалі свае жыцці за светлае неба над намі і прараслі тут каласамі і песнямі, сталі яе гонарам і славай.
Зіхатлівымі вачыма зорак яны, якія не дакахалі, любуюцца закаханымі і зычаць ім шчасця. Пяшчотнымі павевамі летніх вятроў датыкаюцца да галоў дзяцей, якіх, магчыма, не паспелі нарадзіць і выгадаваць. Шэптам дрэў нагадваюць нам: «Жыццё дарагое, але свабода Айчыны даражэйшая. Любіце і шануйце тое, што бераглі мы, жывіце так, каб спраўдзіць нашы надзеі. Працуйце ў радасць, каб прыгажэў край наш…» Якая сіла ў гэтых запаветах!
Маці-зямлі ніколі не выплакаць слёз болю і скрухі, што ліюцца з яе глыбінь крынічнай вадою, па безлічных ахвярах сваіх сыноў і дачушак. Але іх пакуты былі недарэмныя: перад іх вялікім подзвігам мы, удзячныя нашчадкі, стаім, як перад самім сумленнем. Мы маем прыклад, як сапраўды любіць Радзіму, быць яе патрыётамі, годна жыць на сваёй зямлі. Мы памятаем. Мы ганарымся.
Тэкст і фота Святланы ЯКАЎЛЕВАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *