З асколкам у грудзях

Актуальное

  Адзін з самых яркіх, шчаслівых даваенных успамінаў інваліда Вялікай Айчыннай вайны Васіля Міхайлавіча Дзянісава (на здымку) — успамін аб тым, як яго старэйшы брат Іван, скончыўшы артылерыйскае вучылішча ў Ленінградзе, наведаўся ў родны дом, што быў у в. Вальняне Кабішчанскага сельсавета. Малады зграбны афіцэр у новенькай форме быў шчаслівы, што будзе служыць у Беларусі, абараняць яе рубяжы. Радавалася і сям’я.Denisov
Праз некалькі месяцаў, калі родная зямля ўжо была акупіравана фашыстамі, брат — абарваны, змарнелы — дабраўся дадому. Ягоная вайсковая часць была разбіта, трапіла ў акружэнне, сам Іван застаўся жывы цудам. Але думкі аб тым, каб змагацца з праклятым ворагам, не пакідалі яго нават тады, калі яму даводзілася хавацца ад немцаў і паліцаеў. Як толькі ў раёне Ноўкі пачалося фарміраванне аднаго з першых партызанскіх атрадаў, атрада Дзіка, ён далучыўся да народных змагароў. Веды баявога афіцэра Чырвонай Арміі прыйшліся там дарэчы.
Калі акупанты пачалі зганяць у нямеччыну на прымусовыя работы моладзь, да старэйшага брата далучыўся і Васіль. Разам з аднакласнікамі-камсамольцамі яны адмовіліся быць рабамі, абраўшы сваім лёсам барацьбу за свабоду родных мясцін. Яму было ўсяго 17 год, замест набыцця мірнай прафесіі ён асвойваў падрыўную справу, а страляць ужо ўмеў: бацька, Міхаіл Цімафеевіч, быў заўзятым паляўнічым і навучыў сына карыстацца стрэльбай. Партызаны вялі разведку, пускалі пад адхон эшалоны з тэхні­кай і жывой сілай праціўніка, грамілі нямецкія гарнізоны ў іх тыле…
На правядзенне карнай экспедыцыі супраць партызан фашыстам давялося адазваць свае падраздзяленні з фронта. З цяжкімі баямі народныя мсціўцы, узброеныя ўсяго толькі вінтоўкамі, аўтаматамі ды нешматлікімі мінамётамі, адступалі з партызанскіх зон у Шчаўбоўскія лясы, дзе трапілі ў кальцо блакады. Тут жа сабралося многа мірных жыхароў, што хаваліся ад карнікаў. Васіль Міхайлавіч добра памятае, як прарываўся ў складзе першага атрада са страшнага катла. Большасць партызан загінула, старыя, дзеці, жанчыны былі захвачаны карнікамі і расстраляны…
Калі Гарадоччына была вызвалена, Васіль Дзянісаў быў мабілізаваны на службу спачатку ў рэзерве, дзе быў навучаны сувязісцкай справе. Потым ваяваў на I Прыбалтыйскім фронце. Баявы шлях лёг праз Беларусь у Прыбалтыку. Кіраванне войскамі  без надзейных сродкаў сувязі проста немагчымае — падраздзяленні нельга аператыўна сабраць ва ўдарны кулак ці эфектыўна кіраваць імі на палях баёў. Па іх, па самых няўдобіцах, пад агнём, і цягнулі сувязісты шпулькі з тэлефоннымі правадамі. Пад Кенігсбергам хлопец быў цяжка паранены ў грудзі, у вобласць сэрца. У шпіталях Полацка, Масквы, Ташкента, Алма-Аты ён правёў амаль два гады на лячэнні. Асколак дагэтуль варушыцца ў лёгкім Васіля Міхайлавіча. У ягонай запаветнай скрыначцы захоўваецца мноства юбілейных медалёў, а святочны пінжак ён упрыгожвае самымі дарагімі, здабытымі крывёй і потам, — трыма медалямі «За адвагу» і двума ордэнамі Вялікай Айчыннай вайны.
— На фронце было цяжка. У партызанах — не толькі цяжка, але ўдвая страшней, — туманіц­ца позірк ветэрана. — Столькі, як наш беларускі народ, я перакананы, ніхто не перажыў. Але людзі, як адзін, падняліся змагацца за сваю свабоду і мір. Наша вайна была свяшчэнная, бо мы абараняліся. Усе тады сталі дзедам Талашом. Хай помняць пра гэта нашы дзеці, унукі і сваім дзецям і унукам раскажуць.
Святлана ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *